Свята ў Палерма
Хвалі цёмна-сінія, а пяскі янтарныя,
Сонца п'е азёрны халадок...
Сведчу, што ў правінцыі Антарыо
Ёсць Палерма — слаўны гарадок.
Не пяюць тут песні італьянскія,
Проста заснавальнік назву спёр.
Твары ўсё славянскія, сялянскія,
А імёны — Галя ды Рыгор.
Гора адгукаецца паданнямі,
А музей тутэйшы ўсё збярог:
Прасніцы, збаны, уборы даўнія,
I пілу, і ступлены нарог.
Цяжка ім было, дзядзькам і маладзіцам,
Па чужыне, па зямлі індыйцаў
Сосны траляваць, палі араць,
Нараджаць дзяцей і паміраць.
I цяпер разжыцца ім нялёгка,
Уздыхаюць аб Дняпры не раз.
Можа, і прыйшоў таму здалёку
У Палерма бронзавы Тарас.
На людзей глядзіць Кабзар у роздуме,
Што сышліся да яго на сход...
Кідае з памоста ў сэрцы простыя
Словы міру палкі Эндзікот.
Мова украінская з англійскаю
Шэкспір і песня
Ён не англійскі, ён канадскі Стратфард,
Але і тут жыве, жыве Шэкспір...
На сцэне клекатаў крывавы вір
I дзве сям'і цяжкія неслі страты.
А потым мы за сцэнаю між кветак
Сядзелі да світальнае пары.
Ажыўшыя Рамео і Джульета
Нам націскалі рукі, як сябры.
Сам рэжысёр узняўся, урачысты,
Ён не на жарт усхваляваны быў:
«Як нельга ад матулі адрачыся,
Так нельга дружбу з рускімі забыць.
Я з імі жыў. I, каб не іх напевы,
Мяне б канцлагер здолеў даканаць.
Не я, а іншы рэжысёр, напэўна,
Вучыў бы вас, Джульета, паміраць».
Ён папрасіў нас заспяваць...
Не мелі
Мы выхаду, і, праглынуўшы страх,
Мы сціпла праспявалі, як умелі,
Аб родных падмаскоўных вечарах.
I доўга-доўга воплескі шугалі.
Мы ведалі: яны не нам, а тым,
Што рускай песняй смерць перамагалі
Сустрэча з Ніягарскім вадаспадам
I вось давялося мне пераканацца,
Што ёсць гэты гул, гэты звон, гэта сінь.
Пра свой вадаспад не хлусілі канадцы,
I янкі пра свой не манілі зусім.
Зрываешся ў бездань з адвагай гарачай,
Ты велічны ўвесь, ад чупрыны да пят.
Чаго прытварацца! I я рад пабачыць
Касматую морду тваю, вадаспад.
З вясёлаю бандай чыкагскіх піжонаў
Па коўзкіх усходцах — ад грому глухі —
Іду я у жоўтым плашчы з капюшонам,
Нібыта манах на малебен стыхій.
Майстэрня патопаў, абвалы рыкання,
Сам бог вадзяны тут вясёлкі таўчэ.
I нельга цябе, вадаспад, заарканіць! —
Ты ў ярасці вырвешся і уцячэш.
А воддаль таксама раве і грукоча
Канадскі твой брат, нібы хмара, сівы.
Ён зрэдку шпурляе з вар'ятамі бочкі,
Што лезуць за долар на скрут галавы...
Цыбатыя дзеўкі у штоніках модных
У царстве Форда
Сягоння гіды з раніцы
Вясёлыя і гордыя.
Яны ваўсю стараюцца
Праславіць царства Фордава.
Вялікі у Дзірборне
Той фордаўскі завод.
З усёй планеты зборны
Пацее тут народ.
Жуюць жалеза блюмінгі
З шыпеннем і выццём.
Гарачае і тлумнае
Скрыгоча тут жыццё.
Спяшаць, шумяць канвееры:
Рабочы, не зявай!
Праверылі, прамералі
Завод мы з краю ў край.
— Ну, як завод?
— Нішто завод.
Дакладна ўсё узважана.
А колькі з'ездзіла за год
Людзей у Сочы вашыя?
А гід сваё ўсё гне і гне,
Аж смех:
Не факты — фікцыя.
Глядзіць трывожна на мяне
Заводская паліцыя.
Чарнее копаць на траве,
Ідзём каменнай сцежачкай.
— Вось тут рабочы люд жыве.
Утульныя катэджыкі!
Гарачы душ. Халодны лёд.
А колькі год выплачваць?
Аж дваццаць год? Махлярскі ход
А што, як праца страчана?
У экспрэсе Дэтройт – Чыкага
Нас нясе экспрэсіна ў Чыкага.
Хто чытае комікс, хто жуе.
Нешта смокча фермер з добрай флягі.
Ён, відаць, нішто сабе жыве.
За акном — правінцыя глухая,
На вяроўках сушацца штаны.
Каля станцый некага чакаюць
Рознай масці аўтатабуны.
Ярка прагалёкала рэклама,
Асядлаўшы нейкі там лабаз...
Задрамаў вагон. Уцёк ад мамы
Хлопчык і кіруецца да нас.
Добры дзень, малы джэнтльмен, гуд монінг!
На назе у хлопчыка званок.
Ён увесь у жаўранкавым звоне,
Кучаравы пастарскі сынок.
Пастар — акулярысты і строгі,
Сочыць за малым з трывогай ён.
Падыходзь, паразмаўляем трохі,
Спадабаўся мне ты, юны Джон.
Не таму, што нагадалі вочы
Сына мне... Не думай гэтак, не!
Проста твой сярэбраны званочак
Закаціўся ў сэрца да мяне.
Я не знаю, што за ён, твой бацька,
Амерыканскія музеі...
Амерыканскія музеі,
Хвалу спаўна вам аддаю!
У першых залах галерэі
Па дзве гадзіны я стаю.
А пад канец — бяжком, галопам...
Спрабуй агледзь за пару дзён
Усе шэдэўры, што ў Еўропе
Нью-Йорк скупіў і Вашынгтон.
У кожнай зале — цуда, дзіва,
Ажно захоплівае дух.
Вунь сам Рэмбрант, як смерць, праўдзівы.
I Рэнуар, мой даўні друг;
Тут і пакутнікі Эль Грэка,
I Гойі жорсткія мазкі;
Бяссмерце ўсіх эпох і рэха
Трагедый і піроў людскіх;
I школы новыя кагалам
З сваёй расхлістанай красой,
I рабін віцебскі Шагала,
I пікадоры Пікасо...
Шапчу, як змоўца, я карцінам:
А хто прадаў, бяссмертных, вас?
Якім ім золатам плацілі?
Каму вас везлі напаказ?
Не аб такой вы снілі славе.
Няўжо вам гэты міл парад?
Дзялкі у ссылку вас саслалі,
З якой няма дарог назад.
Гарлем
Зняслаўлены пісакамі бульварнымі,
Шаптаў ён многім: лепш мяне аб'едзь.
А мне дык спадабалася у Гарлеме
На Афрыку нью-йоркскую глядзець.
Ад працы ў неграў рукі агрубелыя,
Але ў вачах гарыць не рабскі страх,
А толькі насцярожанасць да белага,
Як водбліск лінчавальнага кастра.
Пачуеш тут, у гарлемскай пярэстасці,
То песеньку спякотную, то джаз.
I класавыя супярэчнасці
З дзвярэй і вокан лезуць напаказ.
Уласныя тут босы ёсць і босікі,
I бары ёсць, каб спойваць там людзей.
I дзесяць тысяч негрыцяткаў босенькіх
На ганках маткі туляць да грудзей.
Яны раскажуць дзецям казку дзіўную,
Што калі-небудзь спусціцца сюды
Хрыстос
Ці чалавек з вачмі праўдзівымі,
Каб вывесці іх з чорнае бяды.
Незакапаныя дамавіны
«Чаму маё сэрца, сыночак, баліць?
Пайду я сыночку кашулю бяліць», —
Спявала ў вар'яцтве жанчына адна,
Ішла па разбітых дарогах вайна.
Сыночка няма, і кашулі няма,
Жанчыну сняжком пабяліла зіма.
У ямах іржавых дарогі вайны,
Твары дзяцей васковыя.
Снег і чорныя каміны,
Снег і могільнікі вясковыя.
Адзін з іх ніколі ўжо мне не забыць...
Захопнікі люта забілі
Людзей, што умелі рабіць ды любіць
I людзі якіх любілі.
Асірацелыя маткі і дочкі
Збілі сасновыя дошкі,
А выкапаць родным магілы
Сіл не хапіла.
Дамавіны стаялі журботным радком,
Закаваныя сінім лядком.
Чакалі, чакалі на снезе яны
Сканчэння вайны...
— Людзі, — гукаць не стамляюся я, —
Мір зберагчы мы павінны!
У сэрцы маім стаяць і стаяць
Незакапаныя дамавіны.
Мазурка Шапэна
Ціхі гром шапэнаўскай мазуркі,
Папрашу: замоўкні, не трывож!
Лье і лье ў бляшаныя мензуркі
Вадасцёчных труб асенні дождж.
Грае пада мною чараўніца,
Колькі шчасця, бляску ў гуках тых!
Быццам навальніца бліскавіцай
Б'е у дах асенняй глухаты.
Грае там не фея, не прынцэса,
Я дзяўчыну гэту неўзлюбіў:
Сведкам навучальнага працэсу
I ахвярай музыкі я быў.
А цяпер яна так слаўна грае.
Тры гады мінула, тры гады.
Што з таго, што зараз адабраю,
Не заглянуў ветла, не параіў,
Не памог я ёй нічым тады.
Шыбы заліло халоднай пенай.
Ну калі той дождж, той сум міне?
Лётае мелодыя Шапэна,
Ды не для мяне, не для мяне.
Пакаленні
Ад першага слова «мама»
Пралегла многа дарог.
А нам усё мала, мала
Радасці і трывог.
Ад першага шэпату «мілы»
Да шчасця два крокі было.
А мы усё міма, міма,
Жыццё нас наперад вяло.
Вучыла, пякло, шкуматала
На хвалях суровых прыгод.
Пазналі мы цвёрдасць метала
I смак заіржаўленых вод.
Ніколі не беглі ад працы,
Умелі касіць і араць.
Пазналі, як цяжка ў юнацтве
На цёплай зямлі паміраць.
Па дымных руінах пранеслі
Сумленна сваю маладосць,
Спявалі журботныя песні,
Адчулі і гора, і злосць.
Пасля ў тайзе і пустыні
Такую любоў набылі,
Што знаем: у нашай краіне
Няма непрыгожай зямлі.
Таму і глядзім так сурова
На хліпкіх стыляг і пралаз,
Што любяць пажыць на гатовым,
Радзіму падводзяць і нас.
Таму сэрца гордасцю поўніцца
За вечна гарачую кроў,
Ля Кургана дружбы
Траву калісьці скублі
Тут коні партызан...
На стыку трох рэспублік
Насыпаны курган.
Тут біліся без страху
I рускі, і латыш.
Мы неслі разам страты,
Салдаты і браты.
Марозам і адлігай
Усе мы, як адзін,
З Вялікіх Лук і Рыгі
I з віцебскіх мясцін.
Ішлі на бой харобра
За свой народ і край.
Аб гэтым помніць добра
Стары маўклівы гай.
Ён помніць паімённа,
Каго ўзяла вайна...
Бярозкі, ліпы, клёны
Шумяць ля кургана.
Тут сёння партызаны —
Паплечнікі, сябры
Расклалі на палянах
Высокія кастры.
Чаго, чаго ты плачаш,
Харошая мая?
Мы разам зноў. Ты бачыш,
Якая ў нас сям'я!
Народ у нас адборны,
Хоць трохі пасівеў.
Прыходзіць вечар зорны,
Ды не змаўкае спеў.
З такімі кашу зварыш
I самым золкім днём.
Давай тваю, таварыш,
На ростань запяём!