Аб вясёлым цёплым доме...

 

Аб вясёлым цёплым доме,
Аб вясновых кветках першых,
Аб суседзях невядомых
Напісаць хачу я вершы.

Як напоўняцца кватэры
Маладымі галасамі,
Светлым сонцам, змрокам шэрым,
Пахам смажанага сала.

Дом з радзінамі, з каханнем,
З добрым смехам, з дробнай сваркай,
З невялікімі грахамі
Камунальнай гаспадаркі.

Дом, дзе ўбачыў я праз вокны
Не маленькі цесны дворык,
А прастор зямны шырокі,
Па якім сумуюць зоры.