I скрыпяць, і скрыпяць чужаземныя дрэвы сухія.
За дуваламі цёмнымі вые галодны шакал.
Я ніколі не сніў пра такія мясціны глухія,
Я экзотыкі гэткай ніколі нідзе не шукаў.
Так заўсёды бывае: не можаш ніяк пагадзіцца
З аднастайнасцю рэчаў, і звычак, і фарбаў, і слоў,
I зямля невядомая ноччу вясноваю сніцца,
I ты марыш пра лёгкія крыллі залётных буслоў.
Ты ўстаеш, атакованы снамі, і верыш, і верыш
У далёкія рэкі, у голас марскіх караблёў.
У нязнаныя землі, якія наўсцяж перамерыш.
У харчэўні бадзяг, дзе пакінеш ты рэштку рублёў...
Вось і землі жаданыя. Поўдзень.
Нязвыклыя рэчы і гукі.
Ты закінуты ветрам прыгод за трыдзевяць зямель.
Над табой заламіла ноч светлыя зорныя рукі,
Да цябе выплывае з-за мысу марскі карабель.
Для цябе ён падвесіў на мачту высокую месяц,
Ты у самым раю паэтычнай адвечнай хлусні.
Дзе ж тваё захапленне? Чаму галаву ты павесіў?
Пра якую зямлю, пра якія прыгоды ты сніш?
Адкажы, толькі шчыра... Мне сніцца сасновая хата
З пахам свежага хлеба і паранага малака,
З жоўтай чыстай падлогай, пасыпанай пахкаю мятай,
З фотаздымкамі родных пад белым вянком ручніка.
Зараз хочацца мець беларускага неба багата.
Па тых сцежках хадзіць, дзе хадзілі і нашы дзяды,
Каб старая зязюля, прысеўшы на хвою ля хаты,
Кожны вечар лічыла пражытыя дома гады.