Адкопаныя зарніцы

 

Тры тысячы гадоў зарніцы падалі
У возера, на мяккі чорны іл.
I лотаць адцвітала, і без сіл
Тапілася, каб стаць для рыб прынадаю.

Праходзіў час. Палеглі ў багну гразкую
Стагоддзяў парыжэлыя пласты.
На купінах туман асеў густы,
I возера дзяды зрабілі казкаю.

Пачула моладзь — і ўзяла рыдлёўкі,
Каб адшукаць зарніцы ў іле глёўкім
I ажывіць дыханне траў і рыб.
Тры месяцы капалі дол напорна —
I расцвілі агні над торфам чорным,
I паплылі па дроце да сяліб.