Думы салдата

 

Запомнілі ўсе мы дарогу старанна
Ад першае бомбы да першае раны,
Ад першае раны да першай атакі,
Калі мы палілі варожыя танкі.
Запомнілі ўсе мы зямлі той кавалак,
Дзе нам на расстанні зязюля кувала,
Дзе прагна і доўга чарпалі пад дубам
З крыніцы пілоткай злінялай ваду мы,
А нам ужо стэпы вялікай Расіі
Суровыя слёзы вятрамі гасілі.
Зямлі той кавалак заўсёды прысніцца
То кужалем белым, то спелай суніцай,
То поясам слуцкім, то несвіжскім замкам,
Ці то маладой на ўпрыгожаных санках.
Калі б пазбіраць нам з бясконцай дарогі
Сляды, што пакінулі нашыя ногі, —
Яны ўсіх падлюг на зямлі затапталі б,
З-пад іх бы забойцы ніколі не ўсталі.
Калі б пазбіраць той агонь, што паліў нас,
I тыя няшчадныя золкія ліўні, —
Яны ўсіх гадзюк на зямлі спапялілі б
I попел сцюдзёнай вадой затапілі б.
А мы паміралі і зноў ажывалі.
Танулі, гарэлі і ўсё ж не згаралі.
Не жыў я б на свеце ніводнай гадзіны,
Прыкончыла б куля мяне на вайне,
Калі б я не думаў штодня, што Радзіма
Не спіць, з перамогай чакае мяне;
Што будуць званіць урачыста званы,
Што будзем мы некалі ехаць з вайны.
I што б нам ні зычылі добрыя людзі,
Жаданне маё тады простае будзе:
За ночы бяссонныя адаспацца,
З сябрамі за чаркаю развітацца.
А потым ісці скрозь агні лістапада
Дахаты па той абгарэлай зямлі,
Дзе некалі мы, маладыя салдаты,
Ваду, адступаючы, прагна пілі.