Буслы, буслы...

 

*

Калі лятуць чароды птушак з поўдня,
Аднойчы настае бусліны час.
Прастор дзіцячым крыкам перапоўнен:
— Буслы, буслы...
Вясна прыйшла да нас!

*

Хлусня, што пад капустаю знаходзяць
Малых,
I ты забудзь пра гэты слых.
Нам,
Каб жыла сям’я у добрай згодзе,
Дзяцей прыносяць белыя буслы.

*

Дзіця і бусляня.
I сонечны сланечнік.
Як добра ім на хвілю падружыць.
I кожны з іх
I вечна, і сардэчна
Імгненнем гэтым будзе даражыць.

*

Ёсць добрае буслінае каханне.
Буслянка — гэта школа выхавання:
Як жыць, дружыць
I ў вырай адлятаць...
I нам з буслоў не сорам прыклад браць.

*

Няма радзімы без бацькоўскай хаты;
Бусліны клёкат — гэта родны дом;
Ты будзеш жыць шчасліва і багата,
Калі над хатай — буслава гняздо.

*

А летнім днём блакіт нябёс бясконцы
I воблакі — мелодыя без слоў,
I над зямлёю роднай наша сонца,
I крылле прамяністае буслоў.

*

Буслы да нас вясною зноўку вернуцца,
Як на зямлі прадзюбнецца трава.
Без чалавечай і буслінай вернасці
Няма ні дабрыні, ні хараства.