1 Перад вачмі пажар вялізарны, Густы, цяжкі ваенны дым. На паясы дарог нанізаны Палаючыя гарады. Над беластоцкімі мурамі Яшчэ не змоўкнуў бомбаў віск, Агонь чырвонымі клыкамі Грызе разбіты Ваўкавыск. Дарога сталлю разварочана, Абвален мост на дно ракі; Ляжаць маўкліва на абочынах Бязногія грузавікі. Брыдуць натоўпы за натоўпамі, На спінах — клункі, як гарбы. Нібыта з веку дапатопнага Сівую вывалаклі быль. Тады мы першы раз заўважылі, Як шмат у кожнага дабра. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду, З канаў рукамі агрубелымі Рудую чэрпалі ваду. Мы ведалі: вайне-грабежніцы Не пакасіць нас, не пажаць. Лепш будзем век бадзяцца ў бежанцах, Але не скутымі ляжаць. 2 Я не ведаю, колькі ішоў — Можа, дзень, Можа, год, Можа, нават стагоддзе. Разгубіў самых верных таварышоў, А другіх не знаходзіў. I запомніцца на гады Гэты шоргат калёс — заіржаўленых піл, Сум людскіх галасоў і пануры дым, Гэта стома ў нагах і гарачы пыл, Гэты, ўсімі забыты, палаючы лоўж, Гэтых мёртвых вачэй сіняваты лёд... Той дарогі бясконцай затуплепы нож Раніў сэрца маё навылёт. Я аднойчы ішоў На жаўцеючы ветразь страхі, Каля чорных абвугленых хат. I тады першы раз апаліў мяне выгук сухі, Нібы выбрах сабакі шалёнага: «Хальт!» Што ж, усё зразумела. Сашчэплена кола наўкол Маіх лепшых надзей. Я ў сваіх уладаннях акружан. Як злачынца, хавайся, туляйся тайком, Раздзірай твар і рукі аб дзікія ружы. Гэта цяжка, сябры, прабірацца па нівах, якім Спавядаўся з маленства I ўсе выкладаў таямніцы, I распытваць зямлю, Дзе калісь плёў з рамонку вянкі: «Ты не выдасі сына свайго чужаніцам?» Гэта горка, сябры, ноччу ў пыле ляжаць прыдарожным, Прытварацца, што ты ў гэту хвілю распяты і мёртвы, Бо ўзнялі недзе побач тупыя насы насцярожана I вынюхваюць прагна цябе кулямёты. Потым ранак пралазіў Праз гушчар затуманеных хвой. Зноў лавілі мяне нераты таямнічых сцяжынак. Я ішоў на усход, і сляды засыпала за мной Мутнаватае срэбра залётных дажджынак. Фронт бліжэй і бліжэй, Грозны грукат плыве па барах. І ўжо сэрца маё Налілося салдацкаю злосцю. Я іду. Я прыйду. Падаб'юць — дапаўзу на руках, Каб вінтоўку узяць I за тое, што бачыў, адпомсціць.