Толькі лісцем рабін шалахні...

 

Толькі лісцем рабін шалахні
I пакліч па імені —
Для мяне аднаго агні
Загарацца над Ільменем.

Я на захад пачну пазіраць,
За сцюдзёныя воды Ільменя,
I вандруючая зара
Загарне ў сваю плынь мяне.

А куды занясе і шпурне —
Я зары даверуся.
Можа, знойдуць людзі мяне
На палескім верасе.

Упаду на дол нежывым, —
Усё роўна і мёртвы я
Буду слухаць гул баравы,
Скрып галля пад вавёркамі.

А жывым даплыву, жывым,
Непараненым, непашкоджаным, —
Па шляхах пайду баравых,
Па лугах някошаных.

Да цябе, да знаёмых рабін,
Дабягу і скажу няголасна:
«Я пачуў, я прыйшоў, бо любіў.
Быць табе сярпом, а мне коласам».