Я ўсё пераблытаў — дзе мора, дзе неба...

 

Я ўсё пераблытаў — дзе мора, дзе неба,
Дзе хмары, дзе горы...
Іран.
Красавік.
Даўно я не еў беларускага хлеба,
Ад паху смалістага бору адвык.

Зямля выхваляецца дзіўнай раскошай:
Гранатамі, рысам, салодкай айвой.
I нават мясцовыя танныя грошы —
З малюнкамі гор, вадаспадаў, ільвоў.

З гаёў апельсінавых сонечны лівень
Цябе залівае.
А пах — на ўвесь свет.
Пытае іранец мяне: «Ты шчаслівы
Пад небам паўднёвым?
Праслаў нас, паэт».

Дзівак!
Я абразай не буду няславіць
Твой край: тут цікава, прыгожа, і ўсё ж
Не мне апяваць тваё сонца і славіць
Шыразскія ружы і горы Загрош.

Я толькі заездам сюды, падарожнік,
Каб горы твае асвятліць на хвіліну
Агнём маёй зоркі пякуча-трывожным,
А потым вярнуцца
да роднай краіны.

Далёка, ў зялёнай хваёвай старонцы
Ёсць хата свая ў мяне, пушча і поле,
Сваё найсвятлейшае добрае сонца.
Я іх прамяняць не згаджуся ніколі.

Таму гэтак лёгка хадзіць мне па свеце,
Еўропу і Азію крокамі мераць,
Што родныя людзі, і сонца, і вецер
Чакаюць мяне і ў любоў маю вераць.