Журавы

 

Ты чуеш, дружа мой, як плачуць журавы
Пад зарывам асенніх журавін?

Зіма сцюдзёная іх гоніць з цёплых хатак,
Ад родных ніў, ад ціхае ракі.
Праз вір вятроў,
Праз лютасць хваль касматых
Ляжыць іх шлях, далёкі і цяжкі.

Шкада мне іх — не вернуцца яны:
На поўдні лютуе крывавы бог вайны.
Там гнёзды спалены,
Там птушаняты знішчаны,
Смяротны дым плыве над папялішчамі.

Пад залатымі сонечнымі промнямі
Не хочацца і птушкам паміраць,
I будуць доўга галасамі сумнымі
Радзіму жураўліную гукаць.