Той дзень прапаў і страчаны навекі...

 

Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

Той дзень збяднеў, зліняў на сотню радуг
І, попелам пасыпаны, сканаў,
Калі не падзяліў з суседам радасць
І больш за дзень узяў ты, чым аддаў.

Той дзень, лічы, завянуў пустацветам,
Калі ты пяць хвілін пашкадаваў,
Каб дзецям паказаць куточак свету
І хараство людзей, і дрэў, і траў.

Той дзень зусім закрэслены табою,
Калі ты раўнадушна абмінуў
Бяду чужую, пабаяўся болю,
Абразу хама моўчкі праглынуў...

Пазней старэць пачнеш самотна ў хаце
І будзеш скаргі гнеўна кідаць нам.
Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць
За раўнадушша.
Вінаваты сам.

Мы не плюём на дружбу і на працу:
Нам без трывог не зберагчы жыцця.
Сябры, давайце будзем хвалявацца
За ўсіх і ўсё: за зерне, і дзіця...

Я не святы, хоць і не сквапны злыдзень.
Даруйце, калі часам быў глухі
Ці чалавека грубасцю пакрыўдзіў...
Грахі мае, бясконцыя грахі.