Коні

 

Дзівіліся мы, і дзівіліся фрыцы:
Такое у сне толькі можа прысніцца
На сене духмяным.

З-пад лесу на поўдзень, нібы у пагоні,
Імчаліся коні, без коннікаў коні,
Па лузе вячэрнім.

Ці травы прынадна сінелі ў балоце,
Ці вострыя кулі пасеклі аброці,
Што коні пабеглі?

Наперадзе белы. Здавалася, нібы
Ён цалкам са снегу. За ім вараны бег,
А трэці — буланы.

Імчаліся коні па травах, па кветках,
Паслаліся дымам іх грывы на ветры.
I стрэлы замоўклі.

Гулі капытамі, як бубнамі, глуха.
Дванаццаць падкоў замігцелі над лугам
Кавалкамі сонца.

Ды выраслі раптам, як чорныя дрэвы,
Смяротныя выбухі справа і злева —
Нямецкія жарты!

I коні пабеглі у пене і мыле
На міннае поле, к уласнай магіле.
Мы сціснулі зброю.

Няма варанога, і белы канае,
Іх грывы густыя пясок засыпае
I попел гарачы.

Не, гэта не сон, не вячэрняя казка:
Мы біць пачалі з аўтаматаў па касках.
I ноч наступіла.

А трэці, буланы, з крываваю ранай,
Ўсё бегаў між куляў і сініх туманаў
З трывожным іржаннем.