Дымяцца зялёныя горы —
Хоць лусту на снеданне рэж.
Спускаемся з гор мы у горад
З кароткаю назваю Рэшт.
Тут вецер вільготны і пруткі,
I ружы ў духмянай расе.
Тут землетрасенне за грудкі
Нізіну бярэ і трасе.
А воддаль Каспійскаму мору
Расчэсвае грыву буран...
Па гэтай нізіне, гавораць,
Калісьці хадзіў атаман.
Яго лебядзіныя чоўны
Пілі недалёка ваду.
Пад небам, трывожным і чорным,
Крычалі сычы пра бяду.
Снавалі кудлатыя цені,
Пажар агнякрылы шугаў.
Адгэтуль пад ветразем Сценька
У песню з княжной адплываў...
Чырвоным засыпаны пылам
Рамантыкі даўняй сляды.
Маскітаў раі абляпілі
Айвы залатыя плады.
Аглушаны спёкаю горад
Без руху.
I сотні гадоў
Глядзяць абалдзелыя горы
На нуднае мора садоў.
I дзе яны, князевы дочкі,
Што ззялі заморскай красой?
Вось гэта, што чэрпае з бочкі
Руды селядцовы расол?
Ці тая гандлярка худая,
Што варыць з баранінай плоў?
Іду я, і злосць разбірае:
Ну хто гэта казак наплёў?
Няма тут ні княжнаў, ні бітваў.
Сцвярджаю.
Я ўсё абышоў...
Іран, ты слязьмі ўвесь заліты,
Агорнут ў рыззё, а не ў шоўк.