Мы першы раз за межамі Радзімы...

 

Мы першы раз за межамі Радзімы.
Бывай, зямля савецкая мая!
Насустрач горы выплываюць з дыму,
Якія апяваў калісь Хаям.

Тужэй падцягваем франтавыя дзягі,
Глянцуем боты, чысцім шынялі.
Не так, як паэтычныя бадзягі,
Прайду па тэгеранскай я зямлі.

Я — пасланец Рэспублікі Саветаў.
Не заваёўнік, а жаданы друг.
Сустрэў Іран байцоў савецкіх ветла
Узмахам загарэлых дужых рук.

Якія горы! А сады якія!
Тут шмат зямнога цёплага дабра,
А назвы дрэў мудроныя такія,
Што цяжка нават рыфму падабраць.

Рака на скалах хвалямі грукоча,
Узмыленая, ярасна сапе.
I так ляціць, і так імчыцца —
Хоча
Нібыта абагнаць сама сябе.

Ідуць бясконцым мураўіным гужам
Памераў парадыйных ішакі.
Не то ў Кабул, не то да Гіндукуша
Вязуць яны славутыя шаўкі.

А ім насустрач па хрыбтах рудых —
З тысячагоднім стажам верблюды.
З паклажай фантастычнай на гарбах,
З пагардаю сухою на губах.

Мы едзем і паселішчы гартаем,
Нібы старонкі незнаёмых кніг.
I металічны гул размоў гартанных
З палёту у палон бярэ мой слых.

Усюды крамы, крамачкі і крамкі —
Не меней дзесяці на жыхара.
Калі б уставіць гэты кут у рамку,—
Цудоўнае пано: «Гандлярскі рай».

Нас атакуюць гандляры малыя:
«Хурма! Лаваш! Купіце кішміша!» —
I так глядзяць, і так згінаюць шыі,
Нібыта я савецкі нейкі шах.

Ды ўбачыўшы, што пакупнік я дрэнны,
Зноў лямантуюць дружна: «Зорку дай!»
Цяжкая ты, замежная арэна,
Мой першы неразгаданы Кітай!

А тут яшчэ нязвыклыя кантрасты:
Палац раскошны, у мільёнаў пяць —
I дзед-жабрак. Ён мае грошы? Трасцу!
Панель пад бок — і, калі ласка, спаць!

Не радуюць яго арлы і горы.
Кладзіся пад айву і памірай...
Прапахшы часнаком і сонцам горад,
Багаты і жабрачы горны край.

Не так, не так у нас...
Але якая справа
Мне да цябе, загадкавы Іран!
Сігнал рэгуліроўшчыка — «направа»,
I еду я направа, ў Тэгеран.