Крык сойкі

 

Рыжаватая, чарнапёрая,
А на крылах — блакіт для красы...
Кожным летам ад тлуму і зморы я
Уцякаю ў твае лясы.

Ды заўсёды такі насцярожаны
Крык твой, сойка.
Птушыны гнеў.
Можа, мне тут хадзіць няможна?
Не крану я ні гнёздаў, ні дрэў.

Ты ахоўвай, што ахоўваеш.
Хто спакою табе не дае?
I яловыя, і альховыя,
I дубовыя — ўсе твае.

Што ж ты крыкам мяне сустракаеш?
Мы маглі б падружыцца, бадай.
Ці то ворагаў многа маеш?
Ці то мне пагражае бяда?