Аналіз верша Пімена Панчанкі "Краіна мая"
Верш «Краіна мая» — адзін з лепшых твораў ваеннай пары пра вайну ў савецкай літаратуры. Напісаны ён быў паміж баямі ў 1942 годзе, калі страчвалася вартасць агульнапубліцыстычнай, абстрактна-заклікавай, плакатнай паэзіі.
Асноўныя матывы паэзіі Пімена Панчанкі
Паэзія Пімена Панчанкі часцей за ўсё пахмурная, нярадасная. Асабліва такой была яна ў гады вайны, калі паэт назіраў, як закрывалі «дашчанымі пальцамі» вокны хаты, каб не бачыць сваіх сыноў, якія адкочваюцца на Усход пад націскам ворага, як расстрэльвалі чужынцы на нейтральнай паласе коней — саму прыгажосць, радасць і вернасць («Коні»), як вымушаны быў чуць голас пакінутай роднай зямлі воін, калі пакідаў яе і не ведаў, ці вернецца назад («Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...»). Балючай была яна і ў 1943 годзе, калі пісаўся верш «Дзеці вайны» — пра тых, хто «вырас пад гарматнымі стваламі» і, прачнуўшыся аднойчы пасля вайны ў цішыне, не адразу зразумее, што ёсць на зямлі іншае, не жахлівае, не страшэннае, мірнае жыццё («Ім здасца самалётам першы бусел»).
Вайна у творчасці Пімена Панчанкі
Пімен Панчанка паказвае Вялікую Айчынную вайну ў двух планах — легендарна-гераічным і лірыка-спавядальным. У першым выпадку мы маем балады «Герой», «Коні» і іншыя, у якіх раскрываецца сутнасць велічнага подзвігу, асуджаецца жорсткасць і бесчалавечнасць вайны, паказваецца рэчаіснасць. У другім — голас паэта сцішваецца, часам пераходзіць у даверлівы шэпт. Твор перарастае з апісання канкрэтнага выпадку і з'явы ў шчырую споведзь, у роздум над лёсам народа, краіны і, канешне ж, сваім асабістым. Вайна ў лірыка-спавядальных творах паўстае як жахлівая трагедыя планетарнага, касмічнага маштабу.
Сучасныя праблемы у творчасці Пімена Панчанкі
Пімен Панчанка не баіцца звяртацца да самых вострых праблем сучаснасці. Пры гэтым ён не проста выкрывае недахопы, а імкнецца дабрацца да іх вытокаў, каранёў. У вершы «Ратуйце нашы душы!» паэт б'е ў званы, бо «амаль што гіне пакаленне, а сэрцы раўнадушныя маўчаць.»
Панчанка выкрывае бессэнсоўнасць існавання моладзі, адсутнасць ідэалаў, схільнасць да нізкапробнай культуры і шкодных звычак. Але паэт не толькі некага абвінавачвае, ён адчувае і сваю асабістую адказнасць за гэтае пакаленне:
Вы — юныя, разгубленыя ў свеце,
Загубленыя сферой і маной,
Вы Богам недагледжаныя дзеці
I вашымі бацькамі ды і мной.
Паэт ведае, што толькі агульныя намаганні, цяжкая паўсядзённая праца могуць дапамагчы маладому пакаленню трывала стаць на ногі: