Пімен Панчанка паказвае Вялікую Айчынную вайну ў двух планах — легендарна-гераічным і лірыка-спавядальным. У першым выпадку мы маем балады «Герой», «Коні» і іншыя, у якіх раскрываецца сутнасць велічнага подзвігу, асуджаецца жорсткасць і бесчалавечнасць вайны, паказваецца рэчаіснасць. У другім — голас паэта сцішваецца, часам пераходзіць у даверлівы шэпт. Твор перарастае з апісання канкрэтнага выпадку і з'явы ў шчырую споведзь, у роздум над лёсам народа, краіны і, канешне ж, сваім асабістым. Вайна ў лірыка-спавядальных творах паўстае як жахлівая трагедыя планетарнага, касмічнага маштабу.
Пімен Панчанка — майстар мастацкай дэталі. Яркая метафарычнасць, дакладнасць, разнастайнасць рытмічных і рыфмавых знаходак уласцівы ўжо першым зборнікам паэта. Але паэт ніколі не спыняўся на дасягнутым, рос духоўна і творча, пашыраў свой кругагляд, і яго паэзія развівалася разам з ростам асобы. Яркі стыль паэта, напоўнены арганічнай метафарычнасцю, шчырай эмацыянальнасцю, не зблытаеш ні з чым. Паэт вельмі патрабавальны да сябе, ён прызнаецца, што не можа дараваць сабе ніводнага слабога радка, ніводнай недакладнай рыфмы. Пільнае назіранне за жыццём, душэўная няўрымслівасць, пачуццё адказнасці за ўсё, што робіцца ў краіне, разуменне ролі паэта ў жыцці народа — усё гэта тлумачыць нязменную цікавасць чытачоў да творчасці паэта на працягу больш як паўвека.
У вершы «Журавы» Панчанка апісвае трывожны настрой пачатку другой сусветнай вайны. У трагічным вобразе жураўлінага выраю, пры дапамозе пранізліва-тужлівай інтанацыі, зададзенай з самага пачатку верша: «Ты чуеш, дружа мой, як плачуць журавы над зарывам асенніх журавін?», аўтар перадае боль і разгубленасць ад набліжэння грознай навалы. Ён як бы прадбачыць ахвяры і няшчасці роднай зямлі і пакутуе ад таго, што не ў сілах павярнуць гісторыю:
Там гнёзды спалены,
Там птушаняты знішчаны,
Смяротны дым плыве над папялішчамі.
Сутыкненне кантрасных, несумяшчальных эпітэтаў «смяротны дым», «залатыя промні» падкрэслівае трагізм алегарычнага вобраза птушынага няшчасця і страшэннай небяспекі, якая пагражае Радзіме, надае твору горкі, непаўторны лірызм.
Зусім у іншым эмацыянальным настроі вытрыманы верш-балада «Герой». У творы няма ні яркіх эпітэтаў, ні метафар, ні лірычнага героя. Падзеі пададзены як бы збоку. Гераізм воіна не паказаны, яго ўчынак — гэта выкананне службовага і грамадзянскага абавязку. Будзённае апісанне подзвігу, сціплая самаахвярнасць героя ствараюць псіхалагічную напружанасць верша:
Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
I лёг на змяіныя скруткі дроту.
I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.
I толькі ў апошняй страфе праз адухаўленне роднай зямлі паэт падкрэслівае ступень пакут героя і веліч яго подзвігу:
А ён свае косці з іржавых калючак
Сваімі рукамі без стогну аддзёр,
Зваліўся на травы, і стала балюча
I травам, і росам, і ветрам гаючым,
Што прыляцелі з валдайскіх азер.