I гора міне, і радасць міне...

 

I гора міне, і радасць міне,
А цвёрда я знаю адно:
Тапельнікам не прычакае мяне
Утульнага побыту дно.

Той, хто столькі, як я, памёрз
На скрыжананні дарог і вёрст,
Не здолее ўседзець у цішыні
Пры цёплым хатнім агні.

Калі ты гэтулькі перамясіў,
Як я, гразі пад дажджом, —
Смачнейшыя стравы не даясі,
Пакінеш і стол і дом.

Аж весніцы з прыкрасці такой
Загрукацяць за табой,
Ды здзівяцца жоўтыя бельмы акон:
«Куды гэта нанач ён?»

А я праз свіст кажаноў і зарніц
Пайду ля начных крыніц.
I зоркі скажуць: «На нас зірні»,
I кветка: «Мяне крані».

А я, няўмольны, негаваркі,
Пайду на голас вятроў —
Туды, дзе нястомныя грузавікі
Развозяць па свеце сяброў.

Па звонкаму рэху начных гудкоў,
Па следу былых баёў
Шукацьму найлепшых сваіх радкоў,
Высокіх і дзіўных слоў.