1943

Толькі лісцем рабін шалахні...

 

Толькі лісцем рабін шалахні
I пакліч па імені —
Для мяне аднаго агні
Загарацца над Ільменем.

Я на захад пачну пазіраць,
За сцюдзёныя воды Ільменя,
I вандруючая зара
Загарне ў сваю плынь мяне.

А куды занясе і шпурне —
Я зары даверуся.
Можа, знойдуць людзі мяне
На палескім верасе.

Упаду на дол нежывым, —
Усё роўна і мёртвы я
Буду слухаць гул баравы,
Скрып галля пад вавёркамі.

А жывым даплыву, жывым,
Непараненым, непашкоджаным, —
Па шляхах пайду баравых,
Па лугах някошаных.

Да цябе, да знаёмых рабін,
Дабягу і скажу няголасна:
«Я пачуў, я прыйшоў, бо любіў.
Быць табе сярпом, а мне коласам».

Думы салдата

 

Запомнілі ўсе мы дарогу старанна
Ад першае бомбы да першае раны,
Ад першае раны да першай атакі,
Калі мы палілі варожыя танкі.
Запомнілі ўсе мы зямлі той кавалак,
Дзе нам на расстанні зязюля кувала,
Дзе прагна і доўга чарпалі пад дубам
З крыніцы пілоткай злінялай ваду мы,
А нам ужо стэпы вялікай Расіі
Суровыя слёзы вятрамі гасілі.
Зямлі той кавалак заўсёды прысніцца
То кужалем белым, то спелай суніцай,
То поясам слуцкім, то несвіжскім замкам,
Ці то маладой на ўпрыгожаных санках.
Калі б пазбіраць нам з бясконцай дарогі
Сляды, што пакінулі нашыя ногі, —
Яны ўсіх падлюг на зямлі затапталі б,
З-пад іх бы забойцы ніколі не ўсталі.
Калі б пазбіраць той агонь, што паліў нас,
I тыя няшчадныя золкія ліўні, —
Яны ўсіх гадзюк на зямлі спапялілі б

Курганы

 
Мне здаецца, што гэта барвовае воблака
Нада мною вісіць з палавецкіх часоў.
Старажытнасць глядзіць затуманеным воблікам
З курганоў прыдпяпроўскіх, з пахмурных лясоў.

I акоп гэты вырылі сталлю булатнаю
Нашы продкі сівыя ў шаломах цяжкіх.
Спяць яны ў курганах, меч да меча,
                                                         па-братняму,
Топчуць ворагі славу пачэсную іх.

А зара, спапяліўшы драты ненавісныя,
Па-над імі ўзняла залатыя крыжы...
Сем гадзін да атакі.
Ізноўку гады свае
Пражыві, бо да восьмай не ўсім нам дажыць.

Заўтра раніцай сонца узыдзе крывавае,
Праплывуць над акопамі журавы.
Калі ляжам і мы ў курганы, дык са славаю,
Вось за гэты бяскрайні прастор баравы.

Да травінкі апошняй зямля наша в

Калі бывала весела...

 

Калі бывала весела,
Калі мне бывала радасна,
Я часта па цэламу месяцу
Твайго не знаходзіў адрасу.

Цяпер, адзінокі і стомлены,
Твой адрас так ясна успомніў я.
Пішу табе ліст і грахі свае,
Як горкую споведзь, апісваю.

А потым пытаю: навошта?
Не ходзіць туды цяпер пошта.

Коні

 

Дзівіліся мы, і дзівіліся фрыцы:
Такое у сне толькі можа прысніцца
На сене духмяным.

З-пад лесу на поўдзень, нібы у пагоні,
Імчаліся коні, без коннікаў коні,
Па лузе вячэрнім.

Ці травы прынадна сінелі ў балоце,
Ці вострыя кулі пасеклі аброці,
Што коні пабеглі?

Наперадзе белы. Здавалася, нібы
Ён цалкам са снегу. За ім вараны бег,
А трэці — буланы.

Імчаліся коні па травах, па кветках,
Паслаліся дымам іх грывы на ветры.
I стрэлы замоўклі.

Гулі капытамі, як бубнамі, глуха.
Дванаццаць падкоў замігцелі над лугам
Кавалкамі сонца.

Ды выраслі раптам, як чорныя дрэвы,
Смяротныя выбухі справа і злева —
Нямецкія жарты!

I коні пабеглі у пене і мыле
На міннае поле, к уласнай магіле.
Мы сціснулі зброю.

Няма варанога, і белы канае,
Іх грывы густыя пясок засыпае

За валдайскімі сопкамі

 

За валдайскімі сопкамі
Сёлы рускія зноў гараць.
За лясамі высокімі
Плачуць Порхаў і Ноўгарад.

Прыкладу вуха к верасу —
Адгукнецца даль стогнамі.
Чую голас — не верыцца, —
Мяне кліча Эстонія.

Мне народам загадана
Тут шлях куляй пракладываць,
Ненавісную гадзіну
I штыком і прыкладам біць.

Лёс адзін у паходзе ў нас, —
I нідзе не прысталі мы.
Мо за Мінск недзе ў бой ідзе
Наўгародзец ці талінец.

Дарагая Прыбалтыка,
Землі родныя, брацкія!
Годы лепшыя бацькавы
Там палеглі за працаю.

Будзе бой, і праб'юся я
У Прыбалтыку сінюю,
I прыйду ў Беларусь сваю
Сцежкай даўняй, дзяцінаю.

Зубры

 

Помню, што гэта было ля Пружан:
Я задрамаў пад вярбою.
Чорнай маланкаю лётаў кажан,
Зоркі лавіў нада мною.
А потым была часіна зары,
I вецер павеяў свежы.
Я раптам пачуў, як равуць зубры,
Як равуць зубры ў Белавежы.
Меркавалі наіўна лясныя быкі:
«Нас мала, паслужым сумленна навуцы»
А тут разлятаюцца хвоі ў бакі
I бомбы сталёвыя злосна ірвуцца.
Зубры паміраць ад бамбёжкі не хочуць,
Глядзяць на мяне іх журботныя вочы:
«Парай, што рабіць —
Мычэць ці маўчаць,
Ці рогі крутыя
У кроў мачаць?»
А што я, бяздомны, параіць вам мог?
Пры вашым здароўі
Варожаю кроўю
Можна зязюльчын угнойваць мох.
Сунецца гадзіна — стукніце рогам,
Другога падбіце тугім капытом.
У вас жа і сілы, і ярасці многа,
Смялей бараніце зялёны свой дом!
...Дзе тая пушча і дзе зубры?

Вока снайпера

 

У вока снайпера, нібы у дом прасторны,
Заходзяць дрэвы, хмары, вечар зорны,
I лёгкі цень птушынага крыла
З разлоту дзеліць вока напалам.

Хацеў бы снайпер у маленькай знічцы
Адразу пазбіраць усіх сяброў,
Муры высокія любімых гарадоў,
Сады, лугі, азёры і крыніцы.

Ды толькі белы яр
I снег навокал,
Ды чорны гад паўзе з кустоў у вока.

Умомант вейкі, быццам абцугі,
Заціснулі гадзюку.
Бліскавіца.
Сцюдзёныя блакітныя снягі
Засыпалі двухсотага арыйца...

I зноў адкрыта снайперскае вока
Для птушак, дрэў, сяброў і зор высокіх.

Лес асенні глуха гудзе...

 

Лес асенні глуха гудзе,
Дзяцел стукае у бліндаж.
Хвоі тоўстыя за акном
Цяжка тупаюць, як сланы.

Дзяцел стукае у бліндаж —
Неспакойны тэлеграфіст.
Як шкада, што я не магу
Зразумець яго тэлеграм.

Можа, гэта мой мінскі клён
Ці барысаўская вярба
Дзіва дзіўнае перадаюць,
Спавяшчаюць пра нечы лёс.

Можа, гомельскія лясы
Мне прыслалі рэха баёў —
Кулямётаў сухі перастук
Ці шалёную спрэчку гармат.

Дзяцел сціх. Пацямнела скрозь.
I апошні нягучны гром
Стаў у шосты накат забіваць
Залатыя цвікі дажджу.