Зубры

 

Помню, што гэта было ля Пружан:
Я задрамаў пад вярбою.
Чорнай маланкаю лётаў кажан,
Зоркі лавіў нада мною.
А потым была часіна зары,
I вецер павеяў свежы.
Я раптам пачуў, як равуць зубры,
Як равуць зубры ў Белавежы.
Меркавалі наіўна лясныя быкі:
«Нас мала, паслужым сумленна навуцы»
А тут разлятаюцца хвоі ў бакі
I бомбы сталёвыя злосна ірвуцца.
Зубры паміраць ад бамбёжкі не хочуць,
Глядзяць на мяне іх журботныя вочы:
«Парай, што рабіць —
Мычэць ці маўчаць,
Ці рогі крутыя
У кроў мачаць?»
А што я, бяздомны, параіць вам мог?
Пры вашым здароўі
Варожаю кроўю
Можна зязюльчын угнойваць мох.
Сунецца гадзіна — стукніце рогам,
Другога падбіце тугім капытом.
У вас жа і сілы, і ярасці многа,
Смялей бараніце зялёны свой дом!
...Дзе тая пушча і дзе зубры?
Дзе вы, пружанскія хлопцы-сябры?
Стаю я на сопцы, на самай высокай,
На захад гляджу засмучаным вокам.
А хвою найбольшую ў Белавежы
Ніяк не угледжу,
Ніяк не угледжу.