Лес асенні глуха гудзе,
Дзяцел стукае у бліндаж.
Хвоі тоўстыя за акном
Цяжка тупаюць, як сланы.
Дзяцел стукае у бліндаж —
Неспакойны тэлеграфіст.
Як шкада, што я не магу
Зразумець яго тэлеграм.
Можа, гэта мой мінскі клён
Ці барысаўская вярба
Дзіва дзіўнае перадаюць,
Спавяшчаюць пра нечы лёс.
Можа, гомельскія лясы
Мне прыслалі рэха баёў —
Кулямётаў сухі перастук
Ці шалёную спрэчку гармат.
Дзяцел сціх. Пацямнела скрозь.
I апошні нягучны гром
Стаў у шосты накат забіваць
Залатыя цвікі дажджу.