Майскі ранак
Край неба наліўся зарою; і сонца устала, Агнём прамяністым палі і лясы прывітала. Нахлынуў на кветкі, на травы, на яблыні макавы ранак. Ніколі не бачыў зямлю я прыгожай такой і прыбранай. Прастор лашчыў вока красой непаўторнай і свежай, I кожная кветка малая мяне надзяляла усмешкай. А людзі змянілі аблічча.
Заўтра
Мы любім жыць. Мы радасцю багаты.
Мы ў песнях славім кветкі і дзяўчат.
Але сягоння хай у нашых хатах
Трывожным клічам песні загучаць.
Расце над светам цень вайны злачыннай,
Каб знішчыць дзень і зор святло зацьміць.
Вы чуеце — іспанскія жанчыны
Галосяць над забітымі дзяцьмі.
Крывавы зброд руйнуе брудным ботам
Хаціны мірныя, дзе люд вясёлы жыў.
Усходзяць замест сонечных гаёў там
Маўкліныя журботныя крыжы...
Я знаю — прыйдзе дзень, спавіты дымам;
Вайна даліны, горы скалане.
Штыкамі ашчацініцца Радзіма,
На фронт пакліча з сябрамі мяне.
На ростані заплача, пэўна, маці
Ды скажа ўсё ж: «Ідзі, ідзі, мой сын!»
З наказам матчыным пакрочу я змагацца
За родныя палеткі і лясы.
Як навальніцай, сілай шматмільённай
Змяцём забойцаў племя мы з зямлі.
Адкопаныя зарніцы
Тры тысячы гадоў зарніцы падалі
У возера, на мяккі чорны іл.
I лотаць адцвітала, і без сіл
Тапілася, каб стаць для рыб прынадаю.
Праходзіў час. Палеглі ў багну гразкую
Стагоддзяў парыжэлыя пласты.
На купінах туман асеў густы,
I возера дзяды зрабілі казкаю.
Пачула моладзь — і ўзяла рыдлёўкі,
Каб адшукаць зарніцы ў іле глёўкім
I ажывіць дыханне траў і рыб.
Тры месяцы капалі дол напорна —
I расцвілі агні над торфам чорным,
I паплылі па дроце да сяліб.
Падсочка
Ствалы набраклі, вось, здаецца, пырснуць.
Плыве над верасам хваёвы душны пах.
Гаркавы смак жывіцы на губах,
І сонца спелае над галавой навісла.
Дыміцца жоўты мох, птушыны спеў замоўк,
I млеюць яшчаркі зялёныя ад смагі...
Я цэлы дзень блукаў, стаміўся і знямог,
Прысеў і прагна п’ю ваду з паходнай флягі.
У гэты час пачуў я сосен плач:
«Мы захлынаемся густой смалой, ратуйце!
Прарэжце скуру нам, няхай сцякае тук наш
На чэрствую зямлю, каб папараць расла».
I з бліжніх сёл падсочніцы прыйшлі,
Разцы сталёныя у рукі ўзялі смела,
Навостраным лязом надрэзалі умела
Кару і луб і стрэлкі правялі.
I капнула празрыстая смала
У бляшаны коўш, і па зямлі, паволі,
Кавалачкам крыштальнай каніфолі
Да скрыпача у рукі прыплыла.
I можа заўтра малады скрыпач
Меліяратары
Усё роўна — ці Мазыр, ці Хойнікі, —
Балаты асушым тут і там,
Абы толькі вогнішча у хвойніку
Гатавала чай заўсёды нам.
Сонца будзе нашым спадарожнікам,
З сонцам працаваць і жыць лягчэй.
Астралябій тонкія трыножнікі
Не намуляць маладых плячэй.
На гнілую багну з ліхаманкаю
Пусцім стрэлы светлыя канаў,
Каб сплыла іржа балот з туманамі,
Каб палескі змрок навек сканаў.
Вечарамі, пасля працы спорнай,
Будзем торф змываць — даваць нырца
І на вогнішчы пад небам зорным
Будзем смажыць сала на дубцах.
Пра дзяўчат пагутарым і песняй
Патрыножым душны сон імшар.
Вылечым зямлю сваю ад плесні
I Радзіме прынясем у дар.
«Не дарэмна хлеб ядзім мы, — скажам ёй, —
Уладанні новыя прымай.
Яблынямі, вішнямі засаджвай,
Залатой пшаніцай засявай».