Падсочка

 

Ствалы набраклі, вось, здаецца, пырснуць.
Плыве над верасам хваёвы душны пах.
Гаркавы смак жывіцы на губах,
І сонца спелае над галавой навісла.

Дыміцца жоўты мох, птушыны спеў замоўк,
I млеюць яшчаркі зялёныя ад смагі...
Я цэлы дзень блукаў, стаміўся і знямог,
Прысеў і прагна п’ю ваду з паходнай флягі.

У гэты час пачуў я сосен плач:
«Мы захлынаемся густой смалой, ратуйце!
Прарэжце скуру нам, няхай сцякае тук наш
На чэрствую зямлю, каб папараць расла».

I з бліжніх сёл падсочніцы прыйшлі,
Разцы сталёныя у рукі ўзялі смела,
Навостраным лязом надрэзалі умела
Кару і луб і стрэлкі правялі.

I капнула празрыстая смала
У бляшаны коўш, і па зямлі, паволі,
Кавалачкам крыштальнай каніфолі
Да скрыпача у рукі прыплыла.

I можа заўтра малады скрыпач
Мелодыяй узрушыць сэрцаў сотні...
А мне прыпомніцца вясёлы смех падсочніц
I баравых сасонак ціхі плач.