Усё роўна — ці Мазыр, ці Хойнікі, —
Балаты асушым тут і там,
Абы толькі вогнішча у хвойніку
Гатавала чай заўсёды нам.
Сонца будзе нашым спадарожнікам,
З сонцам працаваць і жыць лягчэй.
Астралябій тонкія трыножнікі
Не намуляць маладых плячэй.
На гнілую багну з ліхаманкаю
Пусцім стрэлы светлыя канаў,
Каб сплыла іржа балот з туманамі,
Каб палескі змрок навек сканаў.
Вечарамі, пасля працы спорнай,
Будзем торф змываць — даваць нырца
І на вогнішчы пад небам зорным
Будзем смажыць сала на дубцах.
Пра дзяўчат пагутарым і песняй
Патрыножым душны сон імшар.
Вылечым зямлю сваю ад плесні
I Радзіме прынясем у дар.
«Не дарэмна хлеб ядзім мы, — скажам ёй, —
Уладанні новыя прымай.
Яблынямі, вішнямі засаджвай,
Залатой пшаніцай засявай».