Заўтра

 

Мы любім жыць. Мы радасцю багаты.
Мы ў песнях славім кветкі і дзяўчат.
Але сягоння хай у нашых хатах
Трывожным клічам песні загучаць.

Расце над светам цень вайны злачыннай,
Каб знішчыць дзень і зор святло зацьміць.
Вы чуеце — іспанскія жанчыны
Галосяць над забітымі дзяцьмі.

Крывавы зброд руйнуе брудным ботам
Хаціны мірныя, дзе люд вясёлы жыў.
Усходзяць замест сонечных гаёў там
Маўкліныя журботныя крыжы...

Я знаю — прыйдзе дзень, спавіты дымам;
Вайна даліны, горы скалане.
Штыкамі ашчацініцца Радзіма,
На фронт пакліча з сябрамі мяне.

На ростані заплача, пэўна, маці
Ды скажа ўсё ж: «Ідзі, ідзі, мой сын!»
З наказам матчыным пакрочу я змагацца
За родныя палеткі і лясы.

Як навальніцай, сілай шматмільённай
Змяцём забойцаў племя мы з зямлі.
I веру я — узнімае сцяг чырвоны
На пераможным досвітку Берлін.