Свята ў Палерма

 

Хвалі цёмна-сінія, а пяскі янтарныя,
Сонца п'е азёрны халадок...
Сведчу, што ў правінцыі Антарыо
Ёсць Палерма — слаўны гарадок.

Не пяюць тут песні італьянскія,
Проста заснавальнік назву спёр.
Твары ўсё славянскія, сялянскія,
А імёны — Галя ды Рыгор.

Гора адгукаецца паданнямі,
А музей тутэйшы ўсё збярог:
Прасніцы, збаны, уборы даўнія,
I пілу, і ступлены нарог.

Цяжка ім было, дзядзькам і маладзіцам,
Па чужыне, па зямлі індыйцаў
Сосны траляваць, палі араць,
Нараджаць дзяцей і паміраць.

I цяпер разжыцца ім нялёгка,
Уздыхаюць аб Дняпры не раз.
Можа, і прыйшоў таму здалёку
У Палерма бронзавы Тарас.

На людзей глядзіць Кабзар у роздуме,
Што сышліся да яго на сход...
Кідае з памоста ў сэрцы простыя
Словы міру палкі Эндзікот.

Мова украінская з англійскаю
Ходзіць поплеч. Чую і сваю.
I здаюцца ўсе такімі блізкімі,
Быццам недзе ў Каневе стаю.

Свята не канадскае, а брацкае.
Пазнаю дзявочы бляск вачэй.
Звоняць каламыйкі прыкарпацкія,
Боцікі тупочуць гарачэй.

Песня расцвіла і заўладарыла,
Чуецца ў ёй сум і гнеўны гром.
I раве, і стогне ля Антарыо
Казачна далёкае Дняпро.

Злыдні ўсіх масцей і нацый, гора вам,
Калі ўмее так спяваць народ.
На чужыне сам Тарас Рыгоравіч
Сёння пазбіраў сыноў на сход.