Ціхі гром шапэнаўскай мазуркі,
Папрашу: замоўкні, не трывож!
Лье і лье ў бляшаныя мензуркі
Вадасцёчных труб асенні дождж.
Грае пада мною чараўніца,
Колькі шчасця, бляску ў гуках тых!
Быццам навальніца бліскавіцай
Б'е у дах асенняй глухаты.
Грае там не фея, не прынцэса,
Я дзяўчыну гэту неўзлюбіў:
Сведкам навучальнага працэсу
I ахвярай музыкі я быў.
А цяпер яна так слаўна грае.
Тры гады мінула, тры гады.
Што з таго, што зараз адабраю,
Не заглянуў ветла, не параіў,
Не памог я ёй нічым тады.
Шыбы заліло халоднай пенай.
Ну калі той дождж, той сум міне?
Лётае мелодыя Шапэна,
Ды не для мяне, не для мяне.