Ля Кургана дружбы

 

Траву калісьці скублі
Тут коні партызан...
На стыку трох рэспублік
Насыпаны курган.

Тут біліся без страху
I рускі, і латыш.
Мы неслі разам страты,
Салдаты і браты.

Марозам і адлігай
Усе мы, як адзін,
З Вялікіх Лук і Рыгі
I з віцебскіх мясцін.

Ішлі на бой харобра
За свой народ і край.
Аб гэтым помніць добра
Стары маўклівы гай.

Ён помніць паімённа,
Каго ўзяла вайна...
Бярозкі, ліпы, клёны
Шумяць ля кургана.

Тут сёння партызаны —
Паплечнікі, сябры
Расклалі на палянах
Высокія кастры.

Чаго, чаго ты плачаш,
Харошая мая?
Мы разам зноў. Ты бачыш,
Якая ў нас сям'я!

Народ у нас адборны,
Хоць трохі пасівеў.
Прыходзіць вечар зорны,
Ды не змаўкае спеў.

З такімі кашу зварыш
I самым золкім днём.
Давай тваю, таварыш,
На ростань запяём!