Амерыканскія музеі,
Хвалу спаўна вам аддаю!
У першых залах галерэі
Па дзве гадзіны я стаю.
А пад канец — бяжком, галопам...
Спрабуй агледзь за пару дзён
Усе шэдэўры, што ў Еўропе
Нью-Йорк скупіў і Вашынгтон.
У кожнай зале — цуда, дзіва,
Ажно захоплівае дух.
Вунь сам Рэмбрант, як смерць, праўдзівы.
I Рэнуар, мой даўні друг;
Тут і пакутнікі Эль Грэка,
I Гойі жорсткія мазкі;
Бяссмерце ўсіх эпох і рэха
Трагедый і піроў людскіх;
I школы новыя кагалам
З сваёй расхлістанай красой,
I рабін віцебскі Шагала,
I пікадоры Пікасо...
Шапчу, як змоўца, я карцінам:
А хто прадаў, бяссмертных, вас?
Якім ім золатам плацілі?
Каму вас везлі напаказ?
Не аб такой вы снілі славе.
Няўжо вам гэты міл парад?
Дзялкі у ссылку вас саслалі,
З якой няма дарог назад.
I сэрцу цесна стала ў грудзях.
Замры, туга мая, замры!
Карцінам трэба, як і людзям,
Жыць на сваёй святой зямлі.