Нас нясе экспрэсіна ў Чыкага.
Хто чытае комікс, хто жуе.
Нешта смокча фермер з добрай флягі.
Ён, відаць, нішто сабе жыве.
За акном — правінцыя глухая,
На вяроўках сушацца штаны.
Каля станцый некага чакаюць
Рознай масці аўтатабуны.
Ярка прагалёкала рэклама,
Асядлаўшы нейкі там лабаз...
Задрамаў вагон. Уцёк ад мамы
Хлопчык і кіруецца да нас.
Добры дзень, малы джэнтльмен, гуд монінг!
На назе у хлопчыка званок.
Ён увесь у жаўранкавым звоне,
Кучаравы пастарскі сынок.
Пастар — акулярысты і строгі,
Сочыць за малым з трывогай ён.
Падыходзь, паразмаўляем трохі,
Спадабаўся мне ты, юны Джон.
Не таму, што нагадалі вочы
Сына мне... Не думай гэтак, не!
Проста твой сярэбраны званочак
Закаціўся ў сэрца да мяне.
Я не знаю, што за ён, твой бацька,
Ну, а ты — адразу бачу — друг.
Вырастай без планаў забіяцкіх,
Не цурайся нашых чэсных рук.
Многа ў вас такіх, што выюць псамі
I з амбонаў падвываюць псам, —
Ад імя свяшчэннага пісання
Абяцаюць гібель нам і вам.
Б'е ў мазгі ім вадародны вецер,
Сняць яны счарнелыя палі,
Енк дзяцей апошніх на планеце,
Крык апошніх птушак на зямлі...
У калысках спяць пакуль што дзеці,
А ў ракетах дрэмлюць перуны...
Бацька твой нядрэнны — я прыкмеціў,
Бо з табой яму не да вайны.
Я, здаецца, ў ім не памыліўся,
Гэта з-за твайго, малы, званка.
Думай, пастар, думай і маліся
Перш за мір, а потым за сынка.