Пакаленні

 

Ад першага слова «мама»
Пралегла многа дарог.
А нам усё мала, мала
Радасці і трывог.

Ад першага шэпату «мілы»
Да шчасця два крокі было.
А мы усё міма, міма,
Жыццё нас наперад вяло.

Вучыла, пякло, шкуматала
На хвалях суровых прыгод.
Пазналі мы цвёрдасць метала
I смак заіржаўленых вод.

Ніколі не беглі ад працы,
Умелі касіць і араць.
Пазналі, як цяжка ў юнацтве
На цёплай зямлі паміраць.

Па дымных руінах пранеслі
Сумленна сваю маладосць,
Спявалі журботныя песні,
Адчулі і гора, і злосць.

Пасля ў тайзе і пустыні
Такую любоў набылі,
Што знаем: у нашай краіне
Няма непрыгожай зямлі.

Таму і глядзім так сурова
На хліпкіх стыляг і пралаз,
Што любяць пажыць на гатовым,
Радзіму падводзяць і нас.

Таму сэрца гордасцю поўніцца
За вечна гарачую кроў,
За салігорскіх і полацкіх
Юных будаўнікоў.

Якіх анішто не ўтрымала
Ад першых нялёгкіх дарог;
Якім, як і нам, усё мала
Радасцей і трывог.