У царстве Форда

 

Сягоння гіды з раніцы
Вясёлыя і гордыя.
Яны ваўсю стараюцца
Праславіць царства Фордава.

Вялікі у Дзірборне
Той фордаўскі завод.
З усёй планеты зборны
Пацее тут народ.

Жуюць жалеза блюмінгі
З шыпеннем і выццём.
Гарачае і тлумнае
Скрыгоча тут жыццё.

Спяшаць, шумяць канвееры:
Рабочы, не зявай!
Праверылі, прамералі
Завод мы з краю ў край.

— Ну, як завод?
— Нішто завод.
Дакладна ўсё узважана.
А колькі з'ездзіла за год
Людзей у Сочы вашыя?

А гід сваё ўсё гне і гне,
Аж смех:
Не факты — фікцыя.
Глядзіць трывожна на мяне
Заводская паліцыя.

Чарнее копаць на траве,
Ідзём каменнай сцежачкай.
— Вось тут рабочы люд жыве.
Утульныя катэджыкі!

Гарачы душ. Халодны лёд.
А колькі год выплачваць?
Аж дваццаць год? Махлярскі ход
А што, як праца страчана?

Не хочам мець ніколі мы
Утульнасці такой.
Мы ўсім адгрукаем дамы
Савецкай талакой.

Жывіце ў вашых вілах,
Пускайце ў вочы дым...
Паедзем у Грын-Віладж,
У Фордавы сады.

Адзін музей, другі музей,
Багата экспанацікаў!
Рабілі тысячы людзей,
А Форд — героем нацыі.

Тут ён радзіўся, тут сядзеў
З сябрамі-карпарантамі,
Тут еў, тут спаў, а тут смярдзеў..
Даволі трэсці трантамі!

Ягоны спорт, ягоны фонд...
А што мне з ім міндальнічаць?
I гэта — Форд, і тое — Форд,
Падумаеш, ударнічак!

Ну і рэкламшчык гэты род,
Зубастая дынастыя!
I Мінскі свой аўтазавод
Успамінаю часта я.

Эх, прачытаць бы мне, сябры,
Вам папулярна лекцыю!
Але не тыя тут зубры,
Не тыя тут гаспадары,
Не тая, брат, дырэкцыя.