Гарлем

 

Зняслаўлены пісакамі бульварнымі,
Шаптаў ён многім: лепш мяне аб'едзь.
А мне дык спадабалася у Гарлеме
На Афрыку нью-йоркскую глядзець.

Ад працы ў неграў рукі агрубелыя,
Але ў вачах гарыць не рабскі страх,
А толькі насцярожанасць да белага,
Як водбліск лінчавальнага кастра.

Пачуеш тут, у гарлемскай пярэстасці,
То песеньку спякотную, то джаз.
I класавыя супярэчнасці
З дзвярэй і вокан лезуць напаказ.

Уласныя тут босы ёсць і босікі,
I бары ёсць, каб спойваць там людзей.
I дзесяць тысяч негрыцяткаў босенькіх
На ганках маткі туляць да грудзей.

Яны раскажуць дзецям казку дзіўную,
Што калі-небудзь спусціцца сюды
Хрыстос
Ці чалавек з вачмі праўдзівымі,
Каб вывесці іх з чорнае бяды.