Незакапаныя дамавіны

 

«Чаму маё сэрца, сыночак, баліць?
Пайду я сыночку кашулю бяліць», —
Спявала ў вар'яцтве жанчына адна,
Ішла па разбітых дарогах вайна.

Сыночка няма, і кашулі няма,
Жанчыну сняжком пабяліла зіма.

У ямах іржавых дарогі вайны,
Твары дзяцей васковыя.
Снег і чорныя каміны,
Снег і могільнікі вясковыя.

Адзін з іх ніколі ўжо мне не забыць...
Захопнікі люта забілі
Людзей, што умелі рабіць ды любіць
I людзі якіх любілі.

Асірацелыя маткі і дочкі
Збілі сасновыя дошкі,
А выкапаць родным магілы
Сіл не хапіла.

Дамавіны стаялі журботным радком,
Закаваныя сінім лядком.
Чакалі, чакалі на снезе яны
Сканчэння вайны...

— Людзі, — гукаць не стамляюся я, —
Мір зберагчы мы павінны!
У сэрцы маім стаяць і стаяць
Незакапаныя дамавіны.