I вось давялося мне пераканацца,
Што ёсць гэты гул, гэты звон, гэта сінь.
Пра свой вадаспад не хлусілі канадцы,
I янкі пра свой не манілі зусім.
Зрываешся ў бездань з адвагай гарачай,
Ты велічны ўвесь, ад чупрыны да пят.
Чаго прытварацца! I я рад пабачыць
Касматую морду тваю, вадаспад.
З вясёлаю бандай чыкагскіх піжонаў
Па коўзкіх усходцах — ад грому глухі —
Іду я у жоўтым плашчы з капюшонам,
Нібыта манах на малебен стыхій.
Майстэрня патопаў, абвалы рыкання,
Сам бог вадзяны тут вясёлкі таўчэ.
I нельга цябе, вадаспад, заарканіць! —
Ты ў ярасці вырвешся і уцячэш.
А воддаль таксама раве і грукоча
Канадскі твой брат, нібы хмара, сівы.
Ён зрэдку шпурляе з вар'ятамі бочкі,
Што лезуць за долар на скрут галавы...
Цыбатыя дзеўкі у штоніках модных
Тут кідаюць цэнты: «Вазьмі, зберажы...»
Бацькі іх жалезабетонны наморднік
Рыхтуюць табе, каб збіраць барышы.
Яны загадаюць: круці нам турбіны,
Вадзі цягнікі і сукенкі прасуй!
I хочацца крыкнуць народам тубыльным:
Пакіньце для ўнукаў такую красу!
Ды ўсе тут глухія, не чуюць парады.
Бывай, Ніягара, да лепшых часін!
Я грыву тваю з-за павагі не кратаў
I волас сівы твой не ўзяў на ўспамін.