1958

Гарачыня

 

Гарачыня. Не за гарой зажынкі.
А тут забыла жыта смак расы:
Чатыры тыдні ні адной дажджынкі
Не выпала на нівы і лясы.

Патрэсканай зямлі журботны воблік
Трывожыць не на жарт усіх людзей.
Бязлюдным небам пара дробных воблак
Павольна, сонна некуды ідзе.

I раптам у прасторы загрымела —
Пілот увысь маланкай сігануў;
Свой самалёт, як голку з ніткай белай,
Праз воблакі імгненна працягнуў.

Гром рэактыўны, наш магутны гром
Для ворагаў не скончыцца дабром.
Ды мы не хочам бомбамі грымець,
Нам толькі б мір, ды хлеб, ды шчасце мець.

Я мару, каб пілоты баявыя
Наўчыліся, забыўшы ўсе баі,
Сшываць, як ветразь, воблакі малыя
У хмары і зямлю дажджом паіць.

Дадзім мы рады засусе і граду,
Каб шар зямны, што ад стыхій знямог,
Па нашаму высокаму загаду
Вясёлкаю падперазацца мог.

Пераправа

 

Каго не краталі, каго не хвалявалі
Стракатасць і гамонка перапраў?
Рыпіць паром, булькочуць хліпка хвалі,
У твары б'е настой мядовых траў.

Святочны дзень, усе спяшаць на рынак:
Жывём багата, што там ні кажы.
У кузавах лаўжы мяхоў і скрынак
I на вазах з гароднінай кашы.

Яловых лапак воз вязуць у горад.
Каму? Чаму? Які трывожны пах!
Бо лапкі елак часам пахнуць горам,
А часам святам, аркамі ў сцягах.

Павеяў вецер, каб красу падкрэсліць
Грудзей тугіх, дзявочых стройных ног.
I пра яе ўспаміны уваскрэслі,
Якую страціў на адной з дарог.

Крыху шкада таго, што засталося
На скрыжаваннях дзён, вятроў і рэк.
А сэрца зноў такіх нябёсаў просіць,
Якім бы я спатрэбіўся навек.

На пераправе гэтай я паверыў,
Што развітаўся з пошлай драбязой.
Знікае ў цёплым дыме ціхі бераг,

Белыя яблыні

 

1

Вясной светлы сок прарывае бяросту
I рэкі сплаўляюць у мора свой панцыр.
Вясною на елчыных лапах адростваюць
Светла-зялёныя пальцы.
I гладзяць яліны свой ельнік малы
I пацеркі дораць з янтарнай смалы.

Зязюлі варожаць, і кнігаўкі жаляцца,
I глушаць усіх салаўі;
I з яблынь расцвіўшых тады нараджаюцца
Дзяўчаты на нашай зямлі.
Учора гулялі з маўклівымі лялькамі,
А сёння прыбраны каралямі яркімі.

О, белыя яблыні, белыя яблыні,
Пялёсткаў шалёны хвалюючы пах!
Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя,
I хмель веснавы на гарачых губах!
Туман іх не студзіць, і ельнік не колецца,
Адны толькі маткі за іх непакояцца.

Пасля сарамліва і горда ім несці
Свой лёгкі цяжар у нялёгкі наш свет.
Сыноў і дачок нараджаць ім і песціць,
Успамінаючы яблыняў цвет.

Амерыцы

 

Ляжыць на дне Гудзона чорны якар,
Ланцуг ад морскай солі пабялеў...
Ні просьбаў, ні прэтэнзій аніякіх
Не меў я да брытанскіх каралеў.

Ды, стомлены Амерыкай без меры,
Я вымаўляю лепшую з прамоў:
«Куін Мэры» *, каралева Мэры,
Адвязі хутчэй мяне дамоў!

Я пабываў на форуме народаў,
Краіны роднай сціплы прадстаўнік...
ААН стаіць блакітнай глыбай лёду,
Саракавы паверх у хмарах знік.

Амерыка, зямля вялікай працы,
Шмат гарадоў багатых у цябе.
Але будынку Аб'яднаных Нацый
Ў Маскве стаяць было б куды цяплей.

Амерыка, я на цябе не ў крыўдзе,
Тваёй красы я з сэрца не сатру.
Калі да нас ты ў госці з мірам прыйдзеш,
Сустрэнем мы цябе, нібы сястру.

Я ў твой народ і ў сэрца тваё веру,
Ды многа дзьме сцюдзёных тут вятроў.
Таму й прашу я каралеву Мэры,

Узняўшы факел, Статуя Свабоды...

 

Узняўшы факел, Статуя Свабоды
Глядзіць, як адплываюць параходы.
Ёй хочацца агнямі азарыць
Ім доўгі шлях, ды факел не гарыць.

Даносіцца з Нью-Йорка гул нядобры,
Бяссонны горад стомлена гудзе.
I, быццам палісмены, небаскробы
За статуяй стаяць і ноч і дзень.

Глядзяць з тугой яе старыя вочы
На далі акіянскіх сініх вод.
I хочацца адгэтуль ёй пакрочыць
Услед за параходамі на ўсход.

Сустрэча з «Бярозкай»

 

Пасля брадвееўскага чаду
I тлуму, што душу грызе,
З «Бярозкі» рускія дзяўчаты
Зайшлі ў праслаўлены музей.

Спяшу я з імі прывітацца,
Шапнуць паціху, як я рад...
Музей сучаснага мастацтва,
Сухой абстракцыі парад.

Здалёк глядзяць дзяўчаты, зблізку —
Незразумела, хоць ты плач.
«Мы не пілі, — гавораць, — віскі,
Што тут такое, растлумач».

Наварочана, накручана
На кожным палатне.
Фарба фарбаю атручана,
Гніллю і трызненнем тхне.

Нечая галёнка сіняя,
Паўшкілета селядца,
Вока, вуха, пляма, лінія,
Ламца-дрыца-гоца-ца!

Бярозкам гід пляце гасцінна
Лухту, а людзі ўсе, як ёсць,
Глядзяць на іх, не на карціны,
I шэпчуць: «Што за прыгажосць!»

У Даўн-таўне

 

Ёсць цэлы раён у Даўн-таўне —
Прытулак мядзяных купцоў,
Дзе пахне жыццём старадаўнім,
Мястэчкам, бядой, селядцом.

Без песень унукаў, без пенсій
Старыя вартуюць свой хлам,
Сівыя цярэбячы пэйсы
Пад бляскам убогіх рэклам.

Збываюць з паклонам за цэнты
Плашчы, запальнічкі, штаны,
Палякі з не польскім акцэнтам,
Патомкі адэскай шпаны.

I просяць, і лезуць смалою...
О, доларавыя міражы!
Нібы дакастрычніцкі Лоеў
Ў гіганцкіх памерах ажыў.

А там, на каменных задворках,
Каб звесці з канцамі канцы,
У душных майстэрнях Нью-Йорка
Працуюць худыя краўцы.

Турыстам такіх не пакажуць,
Там беднасць глядзіць спадылба.
Там ноччу — надрывісты кашаль
Ды гангстэраў дробных пальба.

Патрэбна шмат поту і спрыту,
Каб цэнты на хлеб наскрабці.
Два крокі адтуль да Ўол-стрыта,

Хлопчык з фермы

 

Мы жывём пад Нью-Йоркам на дачы
На уласным кавалку зямлі
Папрацуем, дамо справаздачу,
I на ўсход адплывуць караблі.

Побач — ферма, зусім не раскошная.
І праз шчыліну ў плоце глядзеў
Хлопчык з фермы той раніцу кожную
На дзяцей, на савецкіх людзей.

Чуб, ды нос, ды вясёлыя вочы,
Ды на чубе блакітны берэт.
I яму, бачым, вельмі ўжо хочацца
Наш парушыць суверэнітэт.

Не збаяўся сенацкіх камісій
I без віз, без вярбальных нот
З яўна мірнай гандлёваю місіяй
Пералез ён адважна праз плот.

Дзелавіта абменьвае маркі,
Хваліць нашы цукеркі: о'кэй!
I звініць пад алеямі парку
Міжнародная мова дзяцей.

З ясным смехам і сэрцамі чыстымі
За вавёркай бягуць па расе
I гуляюць то ў бітву з фашыстамі,
То у гангстэраў — па чарзе.

Апельсін рассыпаецца долькамі.

Нью-йоркскія малюнкі

 

Як наравісты конь уздыблены,
Мільёнамі машын задымлены,
Хапун —
З прычаламі бясконцымі,
Хрыпун —
З кварталамі бяссонцымі,
З гандлярскаю рэкламнай прозаю,
Са статуяй жанчыны бронзавай
Паўстаў Нью-Йорк перада мной.
Гляджу я на цябе з Эмпайра,
I вось да сэрца падступае
Твой стогн
I гул пагрозны твой.

З чым параўнаць? Мурашнік, вулей?
Шаблон, шаблон...
У гэтым гуле
Любой метафары капец.
Касмапаліт з жыццём нялёгкім,
Банкір і докер, бос і лёкай,
Кравец і пекар, і купец.

Ракфелер-цэнтра манументы
I уол-стрыцкія віры.
Там, як цыбатыя ракеты,
Стаяць счарнелыя муры.

Камоды, вежы, этажэркі —
Граніт і шкло, бетон і сталь.
Ты страшны горад, ненажэрны.
Зямны і незямны амаль.

Здаецца, міг — і гулка грукнеш
Касмічнай катастрофай ты...

Хаджу і езджу па Амерыцы...

 

Хаджу і езджу па Амерыцы:
Наважылі мы з ёй памерацца

Не злом, не атамнаю бомбаю
I не упартасцю дубоваю.

Хаджу і езджу, параўноўваю,
Бывае нават прыраўноўваю.

Тут больш машын, дарогі добрыя,
У нас трывалей шчасце зроблена.

У іх больш яркае адзенне,
У нас жыццё ярчэй, надзейней.

Тут сэрца кожнае — на хутары,
У нас сэрца з сэрцам любіць гутарыць.

Яны ў нас праўдаю засеяны
I светлай радасцю заселены.

Тут людзі, як і ў нас, някепскія
I твары слаўныя пад кепкамі.

Ды шмат паглядаў насцярожаных
I падазрона устрывожаных.

Сабрацца б нам на канферэнцыю
На Міншчыне ці ў Арызоне

Но па пытаннях канкурэнцыі, —
Пра цень вайны на гарызонце.

Абмеркаваць ды моцна вырашыць,
Каб мы і вы былі у выйгрышы,

Каб мір быў дружбай усталёван,
А не нянавісцю сталёвай.

У акенца тваё...

 

У акенца тваё
Я пастукаў зязюльчыным ранкам
Пасля салаўінага вечара
I перапёлчынай ночы.
Вока тваё, як зорка,
Бліснула з-за фіранкі:
Хто там?
Хто ты?
I чаго ты хочаш?

Я мог бы выдумаць,
Што я славуты наватар,
Цаліны пакарыцель
Ці майстра футбола.
Але быў салаўіны вечар,
I прытварацца не варта.
Стаю, які ёсць,
Перапоўнены радасным болем.

Мажліва, я цір,
Куды кожны
Можа забегчы і выстраліць
Куляй насмешкі
Ці шротам грубасці.
Я магу даць здачы
I ў дадатак выстраіць
Перад табою ўсе воблакі
Ад вялікай любасці.

Мажліва, гара я,
Што нярэдка горбіцца
Ад адзіноты і смутку.
Пра гэта здагадваюцца
Вельмі і вельмі нямногія.
Я хачу цябе вывесці
З-за гэтых акенцаў мутных
I светлым ручаем
Абмыць твае ногі.

Мае адбіткі ты знойдзеш
На акіянскай хвалі

Мы з Петрасам Цвіркам...

 

Мы з Петрасам Цвіркам
Ваеннай зімой адвячоркам
Хадзілі ў Маскве
I паціху размовы вялі
Аб зводках трывожных,
Аб стратах, журботных і горкіх,
Аб катах праклятых,
Аб нашай далёкай зямлі.

— Буслы нам прыносяць
Пагоду і першыя кветкі,
Над Нёмнам дубровы
Ператвараюцца ў рай, —
Расказваў Цвірка
Пра рэкі Літвы і палеткі.
Я ж думаў, што Петрас
Гаворыць пра родны мой край.

А я пра сваё —
Пра азёрную сінь ды суніцы,
Пра песні за рэчкай,
Пра восень, што паліць ліству,
Пра плач жураўліны,
Пра звон серабрысты крыніцы...
А Цвірка смяяўся:
— Гаворыш ты, брат, пра Літву.

А потым мы мірна,
Як водзіцца ў добрых суседзяў,
Да згоды прыйшлі,
Што у рэках адна ў нас вада;
Што нашыя маткі
Гаруюць аднолькава недзе,
Што доля адна ў нас,
I радасць, і нават бяда.