Як наравісты конь уздыблены,
Мільёнамі машын задымлены,
Хапун —
З прычаламі бясконцымі,
Хрыпун —
З кварталамі бяссонцымі,
З гандлярскаю рэкламнай прозаю,
Са статуяй жанчыны бронзавай
Паўстаў Нью-Йорк перада мной.
Гляджу я на цябе з Эмпайра,
I вось да сэрца падступае
Твой стогн
I гул пагрозны твой.
З чым параўнаць? Мурашнік, вулей?
Шаблон, шаблон...
У гэтым гуле
Любой метафары капец.
Касмапаліт з жыццём нялёгкім,
Банкір і докер, бос і лёкай,
Кравец і пекар, і купец.
Ракфелер-цэнтра манументы
I уол-стрыцкія віры.
Там, як цыбатыя ракеты,
Стаяць счарнелыя муры.
Камоды, вежы, этажэркі —
Граніт і шкло, бетон і сталь.
Ты страшны горад, ненажэрны.
Зямны і незямны амаль.
Здаецца, міг — і гулка грукнеш
Касмічнай катастрофай ты...
Цямнее Бронкс, дыміцца Бруклін,
Гараць Манхаттана хрыбты.
Мастамі туга падпяразаны
Сівы Іст-Рывер і Гудзон,
А далей — далі невыразныя
I акіянскіх хваляў звон.
Нечалавечыя адлегласці,
Геаметрычная нуда.
Як ты стаміўся, як забегаўся,
Шкада цябе, Нью-Йорк, шкада.
Не лаюся, не праклінаю:
Тут ёсць каму цябе клясці.
Калі такі характар маеш —
Расці і ўшыр і ўверх расці.
Я бачыў Рым, Парыж і Прагу
I пакланіўся іх красе.
А на цябе гляджу са страхам
I ўжо сумую пакрысе.
Пара спускацца. Дзень канчаецца.
Агонь рэклам зару згасіў.
Сцвярджай: тут цяжка прызвычаіцца,
Але душою не хлусі.
Няхай табе зусім нямілы ён,
Капіталізму рай і морг.
I ўсё ж страшэннай нейкай сілаю
Даўно валодае Нью-Йорк.
Тут сотні звычаяў, рэлігій,
Прыплыўшых з дальніх берагоў,
Мільёны купленых рэліквій
I бласлаўленне ўсіх багоў.
Тут шмат пакутлівага роздуму,
Натхнёнага узлёту розуму —
Жалезны гімн, літаўраў медзь.
Жылі тут людзі, нараджалі
Людзей,
Пасля іх долар джаліў,
Адных ледзь-ледзь, другіх насмерць.
I некалі над акіянам
Прызнаюць словам пакаянным
Свае грахі, сваю віну
I стрыты ўсе і авеню...
Увечары ў Нью-Йорку вогненна,
Пазней амаль увесь ён спіць.
Адзін Брадвей пякельным водгуллем
Грыміць, рагоча і кіпіць.
Увесь ён у шалёным полымі
Крыўляецца, міргае вам.
Брыджыт Бардо нагамі голымі
Фарсіць з агромністых рэклам.
Бензіну пах, сасісак, кофе,
Рыкаюць медныя басы.
Не едзь сюды, мой друг Пракоф'еў,
Тут ні бяроз, ні рыбы сіг.
Адно імчыцца ў чорнай высі
Рэклама — тройка напралом.
Яшчэ вышэй арол узвіўся,
Махае вогненным крылом.
Тут жоўты д'ябал служыць месу
Нью-йоркскім босам і чынам,
З электралямпачак навесы
Нахабна слепяць вочы нам.
Пад імі ёлупы клятчастыя
Жуюць, жуюць, жуюць, жуюць.
Панель шуміць, дыміць і шастае
I хваліцца: «Вось як жывуць!»
Таймс-сквер. Натоўп.
Над ім з амбіцыяй
Гарлае нейкі кандыдат.
I трохметровая паліцыя
Дубінкамі махае ў лад.
Стары жабрак дзьме ў флейту сіплую,
Ён вольны, так сказаць, мастак.
Я цэнты кідаю, і сціпла ён
«Сэнк'ю», — ківае мне.
Аднак
Ужо глядзяць вачмі пустымі
Юнцы з бародкамі рудымі
З пагрозай цёмнай на цябе...
Брадвей, Брадвей ў агні і дыме,
Цябе я ведаю цяпер!
Не захаплюся бляскам танным,
Не мне тут хіжа паляваць,
I ў злосці нават я не стану
На стрыт заплёваны пляваць.
А пабываць было тут варта
Хоць ноч адну, хоць раз адзін.
Ісці па стрытах страшнавата
Пасля дванаццаці гадзін.
Ідзеш нібы у нейкім кратэры,
А гмахі ўверх — вузей, вузей.
Але цябе ужо не кратае
Чужой фантастыкі музей.
Тут кожны небаскроб адразу
Сніць дзесяць тысяч розных сноў.
Я ні насмешкай, ні абразай
Не разбуджу яго сыноў...
За дзень агледзеў гмахі, скалы,
Глухі асенні акіян.
Шкада, што ў Бруклін не пускаюць
Павандраваць такіх, як я.
З Эмпайра цяжка ўбачыць гора,
Яно глыбей, яно грубей.
Кіруй, шафёр, мой друг, за горад,
Гані хутчэй у Астэрбей!
Шыпіць дарога, пахне ветрам.
Хвала тварцам такіх дарог!
Пракласці іх між скал і нетраў
Народ вялікі толькі мог.
Я павярнуўся на імгненне,
Зірнуў назад у чорны змрок —
I сэрца ёкнула ў здзіўленні:
Нью-Йорк, прыгожы ты здалёк!
Нібы на ўцеху дзецям злеплены
З янтарных кропелек смалы,
З зялёных, залатых і срэбраных
Крыштальных кубікаў малых.
Там бегаюць начныя зайкі,
Плывуць у рэках светлякі —
Гарыць святла і шкла мазаіка...
Нью-Йорк, ты ж можаш быць такім —
І прыгажэй, і чалавечней,
І казачней, і разумней,
I зблізку стаць на векі вечныя
Такім, як здаўся зараз мне.