Гарачыня. Не за гарой зажынкі.
А тут забыла жыта смак расы:
Чатыры тыдні ні адной дажджынкі
Не выпала на нівы і лясы.
Патрэсканай зямлі журботны воблік
Трывожыць не на жарт усіх людзей.
Бязлюдным небам пара дробных воблак
Павольна, сонна некуды ідзе.
I раптам у прасторы загрымела —
Пілот увысь маланкай сігануў;
Свой самалёт, як голку з ніткай белай,
Праз воблакі імгненна працягнуў.
Гром рэактыўны, наш магутны гром
Для ворагаў не скончыцца дабром.
Ды мы не хочам бомбамі грымець,
Нам толькі б мір, ды хлеб, ды шчасце мець.
Я мару, каб пілоты баявыя
Наўчыліся, забыўшы ўсе баі,
Сшываць, як ветразь, воблакі малыя
У хмары і зямлю дажджом паіць.
Дадзім мы рады засусе і граду,
Каб шар зямны, што ад стыхій знямог,
Па нашаму высокаму загаду
Вясёлкаю падперазацца мог.