Каго не краталі, каго не хвалявалі
Стракатасць і гамонка перапраў?
Рыпіць паром, булькочуць хліпка хвалі,
У твары б'е настой мядовых траў.
Святочны дзень, усе спяшаць на рынак:
Жывём багата, што там ні кажы.
У кузавах лаўжы мяхоў і скрынак
I на вазах з гароднінай кашы.
Яловых лапак воз вязуць у горад.
Каму? Чаму? Які трывожны пах!
Бо лапкі елак часам пахнуць горам,
А часам святам, аркамі ў сцягах.
Павеяў вецер, каб красу падкрэсліць
Грудзей тугіх, дзявочых стройных ног.
I пра яе ўспаміны уваскрэслі,
Якую страціў на адной з дарог.
Крыху шкада таго, што засталося
На скрыжаваннях дзён, вятроў і рэк.
А сэрца зноў такіх нябёсаў просіць,
Якім бы я спатрэбіўся навек.
На пераправе гэтай я паверыў,
Што развітаўся з пошлай драбязой.
Знікае ў цёплым дыме ціхі бераг,
Зарослы да вачэй сівой лазой.
А чым мяне сустрэне бераг новы —
Будзённым тлумам, навізною спраў?
А покуль прагна п'ю настой мядовы
На гэтай самай лепшай з перапраў.