Мы з Петрасам Цвіркам
Ваеннай зімой адвячоркам
Хадзілі ў Маскве
I паціху размовы вялі
Аб зводках трывожных,
Аб стратах, журботных і горкіх,
Аб катах праклятых,
Аб нашай далёкай зямлі.
— Буслы нам прыносяць
Пагоду і першыя кветкі,
Над Нёмнам дубровы
Ператвараюцца ў рай, —
Расказваў Цвірка
Пра рэкі Літвы і палеткі.
Я ж думаў, што Петрас
Гаворыць пра родны мой край.
А я пра сваё —
Пра азёрную сінь ды суніцы,
Пра песні за рэчкай,
Пра восень, што паліць ліству,
Пра плач жураўліны,
Пра звон серабрысты крыніцы...
А Цвірка смяяўся:
— Гаворыш ты, брат, пра Літву.
А потым мы мірна,
Як водзіцца ў добрых суседзяў,
Да згоды прыйшлі,
Што у рэках адна ў нас вада;
Што нашыя маткі
Гаруюць аднолькава недзе,
Што доля адна ў нас,
I радасць, і нават бяда.
Зара адплывала у змрок,
Як падпалены ветразь.
О, як мы хацелі
Ляцець на радзіму за ёй...
У сэрца маё
Увайшоў ты з часіны той, Петрас,
З маскоўскай зарой
I з цудоўнай літоўскай зямлёй.