Сустрэча з «Бярозкай»

 

Пасля брадвееўскага чаду
I тлуму, што душу грызе,
З «Бярозкі» рускія дзяўчаты
Зайшлі ў праслаўлены музей.

Спяшу я з імі прывітацца,
Шапнуць паціху, як я рад...
Музей сучаснага мастацтва,
Сухой абстракцыі парад.

Здалёк глядзяць дзяўчаты, зблізку —
Незразумела, хоць ты плач.
«Мы не пілі, — гавораць, — віскі,
Што тут такое, растлумач».

Наварочана, накручана
На кожным палатне.
Фарба фарбаю атручана,
Гніллю і трызненнем тхне.

Нечая галёнка сіняя,
Паўшкілета селядца,
Вока, вуха, пляма, лінія,
Ламца-дрыца-гоца-ца!

Бярозкам гід пляце гасцінна
Лухту, а людзі ўсе, як ёсць,
Глядзяць на іх, не на карціны,
I шэпчуць: «Што за прыгажосць!»