У Даўн-таўне

 

Ёсць цэлы раён у Даўн-таўне —
Прытулак мядзяных купцоў,
Дзе пахне жыццём старадаўнім,
Мястэчкам, бядой, селядцом.

Без песень унукаў, без пенсій
Старыя вартуюць свой хлам,
Сівыя цярэбячы пэйсы
Пад бляскам убогіх рэклам.

Збываюць з паклонам за цэнты
Плашчы, запальнічкі, штаны,
Палякі з не польскім акцэнтам,
Патомкі адэскай шпаны.

I просяць, і лезуць смалою...
О, доларавыя міражы!
Нібы дакастрычніцкі Лоеў
Ў гіганцкіх памерах ажыў.

А там, на каменных задворках,
Каб звесці з канцамі канцы,
У душных майстэрнях Нью-Йорка
Працуюць худыя краўцы.

Турыстам такіх не пакажуць,
Там беднасць глядзіць спадылба.
Там ноччу — надрывісты кашаль
Ды гангстэраў дробных пальба.

Патрэбна шмат поту і спрыту,
Каб цэнты на хлеб наскрабці.
Два крокі адтуль да Ўол-стрыта,
А хто іх адолеў прайсці?