Ляжыць на дне Гудзона чорны якар,
Ланцуг ад морскай солі пабялеў...
Ні просьбаў, ні прэтэнзій аніякіх
Не меў я да брытанскіх каралеў.
Ды, стомлены Амерыкай без меры,
Я вымаўляю лепшую з прамоў:
«Куін Мэры» *, каралева Мэры,
Адвязі хутчэй мяне дамоў!
Я пабываў на форуме народаў,
Краіны роднай сціплы прадстаўнік...
ААН стаіць блакітнай глыбай лёду,
Саракавы паверх у хмарах знік.
Амерыка, зямля вялікай працы,
Шмат гарадоў багатых у цябе.
Але будынку Аб'яднаных Нацый
Ў Маскве стаяць было б куды цяплей.
Амерыка, я на цябе не ў крыўдзе,
Тваёй красы я з сэрца не сатру.
Калі да нас ты ў госці з мірам прыйдзеш,
Сустрэнем мы цябе, нібы сястру.
Я ў твой народ і ў сэрца тваё веру,
Ды многа дзьме сцюдзёных тут вятроў.
Таму й прашу я каралеву Мэры,
Каб адвязла хутчэй мяне дамоў.
* Англійскі акіянскі лайнер.