На нягоды жыцця не жальцеся...
На нягоды жыцця не жальцеся,
Не было б перамог без нягод.
Нараджайцеся, нараджайцеся
Кожны месяц і кожны год.
У вачах любімай дзяўчыны,
У вачах суседзяў, сяброў,
У вачах прафесараў чынных
I забеганых дактароў,
I ў шырока раскрытых дзіцячых
Вачанятах,
I ў плыткай вадзе.
Не старэйце, людзі, дачасна,
Нараджайцеся кожны дзень.
А радасць — не шумлівая...
А радасць — не шумлівая,
А шчасце — сарамлівае,
Бяда — зусім маўклівая,
I так, я пра цябе...
Называў бяздоннымі,
Не было ярчэй.
А цяпер бяздомны я
Без тваіх вачэй.
Не таму, што вычарпаў
Сіняву да дна.
Колькі гора выцерпеў,
Знаеш ты адна.
Бачу твар, ды толькі
Ён, як зімні дом,
Раўнадушным тонкім
Пакрыты ільдом.
Нас, відаць, сурочылі,
Як ішлі мы ў бор,
Балбатня сарочая,
Бабскі нагавор.
Я не весялюся,
Хоць і не крычу.
Дзе я пасялюся,
Лепей памаўчу.
Як няўтульна сёння,
Хоць бы грымнуў гром...
Пашлі, божа, сон мне
Пра той сіні дом.
Жывая рака у няспынным руху...
Жывая рака у няспынным руху,
Размыла хуткасць абрысы бору.
I засталася на сэрцы скруха,
Што нам заўсёды вакзалы дораць.
I буду думаць я паўдарогі
Ўсё аб табе, аб табе, а потым
Стамлюся трохі, забуду трохі:
Сустрэчы, справы, званкі, работа.
Найлепшая з нашых дарог —
Дарога
Дадому.
Ад’едзеш сто вёрст зваротных,
I зноў аб табе, аб табе трывога,
I зноўку думкі аб доме родным.
Вось яшчэ малое намаганне...
Турабу Тула Вось яшчэ малое намаганне, I дакладна ўсё успомню я... Недзе ў Бухары ці Намангане Ты ішла, харошая мая. У такой вясёлкавай спаднічцы, А на кофце трыццаць тры касы. Пэўна, я на сто гадоў спазніўся, Не сустрэў раней такой красы. На яе глядзець было няёмка, Толькі немагчыма не глядзець. Са спякотнай казкі незнаёмка Некуды спяшалася паспець. Як фазан, прашастала імкліва, Пазаві — я следам паспяшу... А мой друг Тураб глядзеў раўніва На маю славянскую душу.
Зямля мая то мяккая, то мулкая...
Зямля мая то мяккая, то мулкая,
Ад навальніц прасторная і гулкая —
Такая непаўторная заўсёды.
Ад спёкі разамлелая, спакойная,
Бярозавая, бэзавая, хвойная —
Яна найпрыгажэйшая заўсёды.
У кожнага свае лясы, і ластаўкі,
I песні, і жаночы голас з ласкаю —
Яны мне найраднейшыя заўсёды.
І зоркі нашы, і сцягі гарачыя
Вялікай перамогаю адзначаны —
Адданы ім я ўсюды і заўсёды.
На Брэстчыне карыбскі ураган...
На Брэстчыне карыбскі ураган,
Паводка бангладэшская увосень.
Дажджы зімой.
Снягоў няма.
Туман.
На бронетранспарцёрах сена звозім.
Калі б тут не сапраўдная бяда,
Дык можна б пастаяць і падзівіцца.
Але вада,
Страшэнная вада,
Нялёгка часам да людзей прабіцца.
Жывой вады руйнуючы удар,
Мы зубы сцялі, не клянём нікога.
Плывуць стагі па небу паміж хмар
I не знаходзяць сонца залатога.
Дае прырода зноў урокі нам:
Не верце цішыні, салодкім снам,
Бяда і радасць ходзяць побач вечна,
Людзей ратуе толькі чалавечнасць.
Скарбонка
Я сябе адчуваю скарбонкаю.
Пацяшайцеся, хто ахвоч,
Я не грошы збіраю, а звонкія
Галасы салаўёў усю ноч.
I дзяцей галасы, і ветру,
Кроплі сонечныя капяжоў.
Глянь на лес: ён зялёна-светлы,
Паглядзі ізноў: ён пажоўк.
Мудрасць кніг і радасць людскую,
Гнеў і гора — усё лічу.
Я збіраю, пішу, святкую,
Сто разоў у бездань лячу.
Ах, як многа імгненне важыць!
Над сталом мяне, праца, гні.
Калі выйдзе, дык гэта і ваша,
А не выйдзе — спалю на агні.
То знаходкі, то непаладкі,
То ярчэй мой дзень, то цямней.
Не разгадваюцца загадкі,
Што жыццё падкідвае мне.
Бо жыццё — акіян, не задачнік,
Дзе падгледзіць можна адказ.
Што там значна і што нязначна
У табе, наш напорысты час?
Я на ідалаў не малюся
I з няпраўдаю не міруся,
Дык, удача, хоць раз мне падзьмі!
Я гаварыў занадта гучна...
Я гаварыў занадта гучна Ды і пісаў занадта гучна, Пара праўдзівей і цішэй, Да сэрца нечага бліжэй, А гэта ў сотні раз цяжэй. А ці пачуюць, ці пачуюць? А што пачую ад другіх? Усе спяшаць, усе качуюць, Адзін другога дрэнна чуюць, Грызуць свае турботы іх. Сказаць бы хмурнаму суседу: Заходзь, расказвай мне пра беды, Давай пакурым, пасядзім, На рэчаіснасць паглядзім. Чаму наш час нервовы, тлумны, Чаму парою мы прыгорблены, Чаму так многа недадумана, Чаму так многа недароблена? Ды не заву, а сам сяджу, Сябе бязлітасна суджу, Пасля бяруся за
Мы вельмі любім слова «малады»...
Генадзю Бураўкіну Мы вельмі любім слова «малады», А паглядзіш — і маладым пад сорак. Гады, гады... А што?
Дзеці
Вочы свецяцца добрым даверам,
Дзеці вераць так шчыра усім:
Чалавеку, і дрэву, і зверу,
Тэлефільмам і кнігам сваім.
Што ім нудныя нашы парады!
Цуды веку выкладвайце ім.
Справядлівасці, ласкі і праўды —
Вось і ўсё, што патрэбна малым.
Ды зямлю ўсю ў прыдачу, ды космас,
Ды цудоўную казку на ноч,
Ды па травах набегацца росных
Без апекі бацькоў басанож.
То народ кампанейскі і чэсны,
А схітруюць ці зманяць парой, —
Гэта мы, гэта нашая чэрствасць,
Наш далёкі нядобры настрой.
Не спяшайце іх грозна праверыць,
За свавольства хутчэй асудзіць.
Я ў дзіцячую жорсткасць не веру,
Бог вясёлы ў іх сэрцы сядзіць.
Мы, успомніўшы годы маленства,
Хочам бачыць ва ўсім падабенства.
Дзеці мала падобны да нас:
Іх не мы нараджаем, а час.
Гэта час падсабляе ім выжыць,
Скажы мне адно толькі слоўца...
Скажы мне адно толькі слоўца,
Адно славечка,
I я застануся з табой не на вечар —
Навечна.
Але не скажаш:
Яно для другіх,
А мне — толькі даўняе рэха.
Пара забываць пра іх, дарагіх,
Адводзіць вочы ад грэху.
Няпраўда, што ўсё з гадамі праходзіць,
Прыглухне, прыціхне.
Закружыць у новай цябе прыгодзе
I сэрца прыцісне...
Ды застаецца заўсёды на свеце
Недасягальнае нешта:
I горад, які табе не пасвеціць,
I востраў, які мінеш ты.
Павінна застацца кніжка адна
Цудоўная — непрачытанай.
Яе прачытае твая радня —
Больш маладая, плячыстая.
I будуць іншыя моцна любіць,
I сцежкі твае назавуць сваімі...
Сыходзяць сівыя мужчыны ў нябыт
I шэпчуць чыёсьці імя.
Апошні дзень вясны і першы лета...
Апошні дзень вясны і першы лета.
А дзе мяжа?
Мяжы такой няма.
I ў сцюжу нечай ласкай ты сагрэты,
I ў спёку жыгане цябе зіма.
Усё жыццё:
Юнацтва, сталасць, старасць —
Свае адзнакі ў нас пераплялі.
Як юнакі, цяпер мы часам марым,
А ў маладосці сталымі былі...
Клянёмся, што жывём усе мы дружна,
Ды першы друг мой дом зусім забыў,
Другі застыў у сытым раўнадушшы,
А трэцяга і сам я разлюбіў.
Ідуць гады,
Рады сяброў радзеюць,
А новых мне, напэўна, не знайсці...
На скверах клёны ціхія ірдзеюць,
I хутка цёмным сіверам гусці.
Таму хачу надыхацца, нагледзецца,
Напрацавацца да апошніх сіл,
Пакуль не пахісне мой небасхіл
Зімы няўмольнай злая галаледзіца...
Жыццё ў бядзе і радасці — адзінае.
Пакой мой заліло
Святло
Такое дзіўнае:
То дзеці лісця жоўтага назносілі.
Творчасць
З паэзіяй мне развітацца пара,
Пакуль не зрабіўся сапраўдным вар’ятам.
Прыгожа, дасціпна... I ўсё ж — мішура...
Лятуць на падлогу усе варыянты.
А словам дакладным не трэба прыкрас,
Сапраўдным пачуццям не трэба аздобы.
Паэзія мучыць бязлітасна нас.
Даволі!
I я выбіраюся з дому.
Іду, як заўсёды, ў купалаўскі сад,
Падняўшы каўнер і насунуўшы кепку.
А ў садзе шуміць залаты лістапад...
Шапчу я: Іван Дамінікавіч, кепска...
Працуем, а нас не чытаюць амаль,
Жартуем, а людзям чамусьці не смешна..
Спакойны і мудры, глядзіць ён удаль,
Усё перад ім: гэты сад і бязмежнасць.
Крычаў і маліўся, стагнаў і спяваў,
Каб кроў мужыка не лілася на росы;
Ён сонца выворваў,
З магілы ўставаў,
Каб толькі убачыць у шчасці народ свой.
Я жорстка ўпікаю самога сябе