Творчасць

 

З паэзіяй мне развітацца пара,
Пакуль не зрабіўся сапраўдным вар’ятам.
Прыгожа, дасціпна... I ўсё ж — мішура...
Лятуць на падлогу усе варыянты.

А словам дакладным не трэба прыкрас,
Сапраўдным пачуццям не трэба аздобы.
Паэзія мучыць бязлітасна нас.
Даволі!
I я выбіраюся з дому.

Іду, як заўсёды, ў купалаўскі сад,
Падняўшы каўнер і насунуўшы кепку.
А ў садзе шуміць залаты лістапад...
Шапчу я: Іван Дамінікавіч, кепска...

Працуем, а нас не чытаюць амаль,
Жартуем, а людзям чамусьці не смешна..
Спакойны і мудры, глядзіць ён удаль,
Усё перад ім: гэты сад і бязмежнасць.

Крычаў і маліўся, стагнаў і спяваў,
Каб кроў мужыка не лілася на росы;
Ён сонца выворваў,
З магілы ўставаў,
Каб толькі убачыць у шчасці народ свой.

Я жорстка ўпікаю самога сябе
I тых, што не страцілі гонар і сорам.
I так, аб будоўлі... I так, аб сяўбе...
А мы тут пры чым?
Мы бясконца гаворым...

Стаіць ля Карэлічаў жыта сцяной,
Шыпшына цвіце каля Мірскага замка,
Да брацкай магілы ідзе партызанка...
Я зноў на вайне.
Я падбіты вайной.

Успомніў ізноўку сырыя лясы,
I Ловаць, і Полу, і тыя балоты,
Шчаціну на шчоках
I гразь на пілотках,
Сяржантаў ахрыплыя галасы.

I грукат, і стогны, і пыл, і туман,
I той пад Бягомлем глыбокі калодзеж,
Дзе кідалі немцы жывых партызан...
Ізноўку нянавісцю сэрца калоціць.

Ля брацкіх магіл трэ спыняцца часцей,
Чытаць надмагільныя надпісы моўчкі.
У сэрцах людскіх залатыя замочкі
Тады адамкнём, калі станем чысцей.

Хай хітрая слава мяне абміне,
Жыццё не пакіне трывожыць і вабіць.
А нехта ссылае у старасць мяне,
Імкнецца мой гнеў да мяшчанства аслабіць.

Не здамся!
Бяссоннаю працай спалю
Сябе, ды ад праўды я не адступлюся.
I словам я сцверджу усё, што люблю
У народзе сваім і ў сваёй Беларусі.