Я гаварыў занадта гучна...

 
Я гаварыў занадта гучна
Ды і пісаў
                занадта гучна,
Пара праўдзівей і цішэй,
Да сэрца нечага бліжэй,
А гэта ў сотні раз цяжэй.

А ці пачуюць,
                       ці пачуюць?
А што пачую ад другіх?
Усе спяшаць,
                     усе качуюць,
Адзін другога дрэнна чуюць,
Грызуць свае турботы іх.

Сказаць бы хмурнаму суседу:
Заходзь,
             расказвай мне пра беды,
Давай пакурым,
                          пасядзім,
На рэчаіснасць паглядзім.

Чаму наш час
                       нервовы, тлумны,
Чаму парою
                    мы прыгорблены,
Чаму так многа недадумана,
Чаму так многа недароблена?

Ды не заву,
                   а сам сяджу,
Сябе бязлітасна суджу,
Пасля бяруся за другіх —
Сваіх калегаў дарагіх.

Той хлусіць,
                    гэты прытвараецца,
А той над градкамі заціх — 
I вось няма ўжо
                          з кім параіцца,
I вось няма куды зайсці.

Той знемагае у палаце,
А той ад славы ачмурэў.
Няўжо ў сяброў я веру страціў?
Цішэй, цішэй
                       мой хатні гнеў.

Яны ні ў чым не вінаваты,
Яны такія,
                 як і ўсе;
Іх, слаўных, грэшных, дзіўнаватых,
Жыццё шалёнае нясе.

Ты сам спагадлівей зрабіся,
Ты сам такое напішы,
Каб узняліся трохі высі
I пасвятлела на душы.