Скажы мне адно толькі слоўца,
Адно славечка,
I я застануся з табой не на вечар —
Навечна.
Але не скажаш:
Яно для другіх,
А мне — толькі даўняе рэха.
Пара забываць пра іх, дарагіх,
Адводзіць вочы ад грэху.
Няпраўда, што ўсё з гадамі праходзіць,
Прыглухне, прыціхне.
Закружыць у новай цябе прыгодзе
I сэрца прыцісне...
Ды застаецца заўсёды на свеце
Недасягальнае нешта:
I горад, які табе не пасвеціць,
I востраў, які мінеш ты.
Павінна застацца кніжка адна
Цудоўная — непрачытанай.
Яе прачытае твая радня —
Больш маладая, плячыстая.
I будуць іншыя моцна любіць,
I сцежкі твае назавуць сваімі...
Сыходзяць сівыя мужчыны ў нябыт
I шэпчуць чыёсьці імя.