Мы вельмі любім слова «малады»...

 
                                                      Генадзю Бураўкіну

Мы вельмі любім слова «малады»,
А паглядзіш — і маладым пад сорак.
Гады, гады... А што? Такой бяды...
Для ўсіх нас хопіць працы, сонца, зорак.

Вам тэмы для раманаў і паэм
Дае не заіграная пласцінка,
Жыццё само:
Да інтэгральных схем
Прыпайваюць дзяўчаты залацінкі.

А ім цяжэй, чым бабцы ля дзяжы,
Хай не кране дзяўчатак гэтых немач...
Вам сэрцы іх чытаць і чарцяжы,
А мне сваё:
Я ў інтэгралах невуч.

Чыя дарога лепш: мая, твая,
Мы не спрачаемся,
Жывём у добрай згодзе.
Але ў адным табе зайздрошчу я:
Часцей ты па лясных дарогах ходзіш.

Мне поўнач наша ўсёй зямлі мілей.
Там некалі на валунах замшэлых,
Як чэрці, ў павуцінні і смале,
Мы слухалі куванне птушкі шэрай.

Там, пад Бягомлем, дзіўныя бары,
Гасцінец пад бярозаваю вартай.
Там і цяпер жывуць мае сябры,
Не заязджаў да іх я даўнавата.

I ўсё цяжэй мне выкупіць віну:
Калі не можаш, лепей не кляніся.
Паедзеш зноў па вершы на Дзвіну —
Маёй зямлі юнацкай пакланіся.