Зямля мая то мяккая, то мулкая,
Ад навальніц прасторная і гулкая —
Такая непаўторная заўсёды.
Ад спёкі разамлелая, спакойная,
Бярозавая, бэзавая, хвойная —
Яна найпрыгажэйшая заўсёды.
У кожнага свае лясы, і ластаўкі,
I песні, і жаночы голас з ласкаю —
Яны мне найраднейшыя заўсёды.
І зоркі нашы, і сцягі гарачыя
Вялікай перамогаю адзначаны —
Адданы ім я ўсюды і заўсёды.