Апошні дзень вясны і першы лета...

 

Апошні дзень вясны і першы лета.
А дзе мяжа?
Мяжы такой няма.
I ў сцюжу нечай ласкай ты сагрэты,
I ў спёку жыгане цябе зіма.

Усё жыццё:
Юнацтва, сталасць, старасць —
Свае адзнакі ў нас пераплялі.
Як юнакі, цяпер мы часам марым,
А ў маладосці сталымі былі...

Клянёмся, што жывём усе мы дружна,
Ды першы друг мой дом зусім забыў,
Другі застыў у сытым раўнадушшы,
А трэцяга і сам я разлюбіў.

Ідуць гады,
Рады сяброў радзеюць,
А новых мне, напэўна, не знайсці...
На скверах клёны ціхія ірдзеюць,
I хутка цёмным сіверам гусці.

Таму хачу надыхацца, нагледзецца,
Напрацавацца да апошніх сіл,
Пакуль не пахісне мой небасхіл
Зімы няўмольнай злая галаледзіца...

Жыццё ў бядзе і радасці — адзінае.
Пакой мой заліло
Святло
Такое дзіўнае:
То дзеці лісця жоўтага назносілі.
Апошні летні дзень
I першы — восені.